На вёсцы пад Віцебскам людзі гадамі п'юць іржавую ваду


Ім абяцае дапамагчы Алена Янушкоўская. Жанчына вырашыла, што змагацца з вырашэннем гэта і іншых праблемаў можна праз мясцовыя саветы дэпутатаў.

Іржавая вада ды чорныя столі. Здавалася б, звычайныя побытавыя праблемы, аднак у нашай краіне яны не вырашаюцца гадамі ды нават дзесяцігоддзямі. А мясцовым уладам да іх развязання – няма аніякай справы.

Мясцовасць Заронава на Віцебшчыне, што яшчэ некалькі гадоў таму была вёскаю, сёння налічвае каля пяцісот жыхароў і ганарова завецца аграгарадком. Вось толькі куды тут ні сунься – паўсюдна праблемы.

«Па-першае, іржавая вада – людзі п’ьюць невядома што, па-другое – зацякаюць дахі, цякуць стаякі, там жахлівыя столі. Як людзі жывуць? Сырасць, цвіль. Гэта жах. Акрамя таго, спілавалі дрэвы – ды ніхто іх не прыбірае», – кажа Алена Янушкоўская.

Жанчына вырашыла, што больш эфектыўна змагацца з вырашэннем гэтых праблемаў можна праз мясцовыя саветы дэпутатаў, і пастанавіла вылучацца ў дэпутаты Віцебскага раённага савету дэпутатаў.

Самавылучэнцу трэба сабраць прынамсі 75 подпісаў. Таму пагрукаць у дзверы давядзецца настойліва і да кожнага. Але спачатку – выслухаць праблему і толькі потым папрасіць паставіць подпіс. Бо каб ведаць існыя праблемы, дэпутаты мусяць прынамсі размаўляць з людзьмі.

Праблемаў у Заронаве мноства – за дзве гадзіны спадарыня Алена сабрала больш за палову ад неабходнай колькасці.

Глядзіце рэпартаж Сцяпана Святлова ў відэа