Аб'ектыў 30.07.2017 На руінах выйсковай часткі. Як выжываюць жыхары гарадка Мышанка?


Жыхары былога вайсковага гарадка Мышанка, што ў Петрыкаўскім раёне Гомельшчыны, не першы год скардзяцца на стан будынкаў. Дахі дамоў, якія былі пабудаваныя ў 30-я гады мінулага стагоддзя, што сіта – працякаюць. Як толькі моцны дождж – чакай бяды.

«І цячэ ўсё плынямі, там у спальні чую: «кроп-кроп». І гляджу ўсё крэсла мокрае, усё мокрае», – распавядае мясцовая жыхарка Тамара Месь.

Пакуль у камунальнікаў не было сродкаў, то спрацоўвала вынаходлівасць. Пад страхой нацягнулі гідраізаляцыйны матэрыял і, як кажуць жыхары, зрабілі, так бы мовіць, ночвы для збору дажджавой вады.

«Прайшлі нешта прыбілі, зрабілі як ванную з руберойду, павесілі за чатыры канца кавалак руберойду, туды і капала. І тазікі ЖКГ паставілі і ўсё», – кажа Тамара Месь.

Жыхары таксама праяўляюць кемлівасць, замест ізаляцыі пад дахам падкладаюць фуфайкі і расстаўляюць тазікі. Метад – ні тое ні сёе.

«Вось тут тазікі, вёдры, муж падстаўляў шыфер бокам, каб сцякала ў тазікі», – распавядае мясцовая жыхарка Валянціна Цыганкова.

Дах, які працякае, – не адзіная праблема: лепш не рызыкаваць і не выходзіць на гаўбцы, бо яны могуць абрушыцца. Сталічная камісія, якая правярала дом, дазволіла па гаўбцы хадзіць толькі кату, людзям туды выходзіць забаранілі.

«Калі ліўні, дождж, то ўсё цячэ. У суседкі поўнасцю гаўбец цячэ як сіта і вада ляціць з гаўбца ў кватэру і зацякае таксама. Колькі разоў скардзілася», – кажа мясцовая жыхарка Кацярына Сігай.

Цяпер камунальнікі ўсё ж абяцаюць у жніўні правесці рамонт, направіць не толькі дах, але замяніць цэнтральнае ацяпленне і гаўбцы.

«Не было грошай – гэта адно, па-другое пасля сыходу вайсковай частцы ўсе гэтыя дамы знаходзіліся ў жахлівым стане, ні ў адным доме не праводзіўся капітальны рамонт», – тлумачыць камунальнік Аляксандр Іллюшчанка.

Пасля ліквідацыі часткі, дзе, са словаў мясцовых, быў вучэбны цэнтр ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, было прынятае рашэнне разабраць на друз ажно 80 пустых будынкаў. Вайсковую частку ліквідавалі, але працаваць жыхарам мястэчка асабліва няма дзе, хіба толькі на мясцовым свінакомплексе.

Насельнікі Мышанкі з горыччу кажуць пра безнадзейнасць і не вераць, што ўлады выканаюць абяцанні пабудаваць у горадзе нейкія прадпрыемствы, каб з’явіліся месцы працы.

Жыхары Мышанкі кажуць:

«Груда цэглы перадрабнілі, перамалолі, хаця была ўсё цэлае. Гатовае да эксплуатацыі».

«Абяцалі фармацэўтычны завод, штосьці пра фабрыку казалі. Але, на жаль, усё развалілі і зруйнавалі і нічога няма».

«Шмат чаго абяцалі і ў выніку руіны. Добра, што хоць так папрыбіралі. Стаялі казармы разабраныя, дзеці бегалі, лазілі. Каму той рай дастанецца».

Калісьці жыхароў Мышанкі было тры тысячы чалавек – і гэта без вайскоўцаў, цяпер іх лік ледзь дасягае тысячы. Хтосьці больш спрытны з’язджае на заробкі ў Калінкавічы, Мазыр ці Расею, і ў палескім мястэчку застаюцца пераважна пенсіянеры.

 

Наста Ільіна, belsat.eu; фота – Максім Нікітка-Міровіч, maxim-nm.livejournal.com 

Глядзі таксама
Каментары