На Палессі праходзіць турзлёт інвалідаў-вазочнікаў з Беларусі і Расеі


У палескім урочышчы «Барбараў», што ў Мазырскім раёне, ладзяць Восьмы турыстычны злёт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Палескія зоры». Вазочнікі штодня пераадольваюць не толькі фізічныя перашкоды, але і сацыяльныя. Таму дзякуючы валанцёрскім арганізацыям і ўласнай ініцыятыве бар’ераў на шляху менее.

«Многія сядзяць дома, у кватэрах, без магчымасці кудысьці выехаць, няма ліфтаў. Вось у нас хлопец жыве на пятым паверсе, мы яго прыцягнулі сюды, дапамаглі з’ехаць яму па прыступках і ён прыехаў», – распавядае Аляксандр Зайчанка, кіраўнік арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў з Хойнікаў.

Ідэя зладзіць такую імпрэзу ўзнікла 9 гадоў таму, на першым злёце былі з 20 чалавек, сёлета – больш за сто. Але без фінансавага падтрымання, коштам уласнага энтузіязму, зарганізаваць такі злёт немагчыма.

«Насамрэч такое мерапрыемства арганізаваць вельмі складана без дапамогі нейкіх прадпрыемстваў, бо калі б не было б фінансавання ці нейкай пасіўнай дапамогі як марозіва, то было вельмі складана. І самае галоўнае канешне нашыя валанцёры», – мяркуе Ганна Шаўко з асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў з Мазыру.

Такія злёты – гэта магчымасць не сядзець у чатырох сценах і ўзяць удзел у спартовых спаборніцтвах, але найперш гэта сацыяльная рэабілітацыя, магчымасць сустрэцца з сябрамі, завесці новыя знаёмствы, а для некаторых – нават стварыць сям’ю.

«Я тут ужо трэці раз, умовы ўсё лепш і лепш. Патрэбнае будуецца, усё неабходнае, каб тры дні тут прабыць, паесці шашлыкі, парыбачыць, па спаборнічаць», – кажа Аляксей Сушанцоў, удзельнік турзлёту са Светлагорску.

Праграма сёлетняга трохдзённага турыстычнага злёту насычаная, акрамя камандных гульняў, пераадолення на вазку паласы перашкодаў, удзелу ў стральбе з лука ды пнеўматычнае зброі, праявіць сябе можна і падчас спеваў у караоке ці прадэманстраваць свае кулінарныя здольнасці.

Сёлета ў турыстычным злёце прэзентаваныя 12 камандаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама госці з Расеі, якія прызнаюцца, што ў іх зладзіць нешта такое яшчэ складаней.

«Гэта не проста лёгка правесці мерапрыемства, гэта вельмі складана. І намёты, і лядоўні і харчаванне вы гэта маеце, а ў нас з гэтым не вельмі», – адзначае Міхаіл Кліманцаў з расейскага спартовага клубу інвалідаў «Перасвет».

Скончыцца спартова-забаўляльная імпрэза ў нядзелю, наперадзе ўдзельнікаў чакае водны шпацыр па Прыпяці і разыгранка латарэі «Імгненне поспеху». Важна, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі пачуваліся паўнавартаснымі ў грамадстве не на імгненне, а заўсёды.