На незалежных журналістаў склалі чарговыя пратаколы


Працягваецца ціск на незалежныя медыі ў Беларусі. Пад ударам – ізноў карэспандэнты тэлеканалу «Белсат».

Адразу два пратаколы атрымала праз пошту журналістка Кацярына Андрэева. Гэтым разам дзяўчыну вінавацяць у працы без акрэдытацыі на Дзень незалежнасці ды падчас святкавання Дня дэсантніка.

«Абсурднасць сітуацыі ў тым, што мяне вінавацяць у вырабе сюжэту для праграмы »Навіны«. Па-першае, я рабіла не сюжэт, а відэастрым, па-другое, гэта перадача, якой не існуе на тэлеканале »Белсат«. Гэта кажа толькі пра некампетэнтнасць чалавека, які складаў гэты пратакол», – адзначае Кацярына Андрэева.

Але ці заўважаюць грамадзяне ціск на свабоду слова ў Беларусі?

«Офісы ўзламваюць, вобшукі праходзяць і арыштоўваюць журналістаў», – кажа жыхарка Менску.

Іншы жыхар сталіцы прыгадвае:

«Ведаю, што і журналістаў «Белсату» ціснуць. Самая гучная справа гэта, калі пагражалі адабраць дзіцё ў журналісткі. Няма словаў датычна гэтага цынізму».

Увесну за асвятленне Маршаў недармаедаў журналістку аштрафавалі на 1725 рублёў, содні Кацярына правяла за кратамі. Цяпер Андрэевай пагражаюць новыя штрафы – на 2300 рублёў. Дзень суда паводле новых пратаколаў пакуль невядомы.

«Я працягну працаваць як і працавала раней, і гэта ніякім чынам не паўплывае. Таму, калі ўлады думаюць, што яны могуць націснуць на мяне, то гэта не той метад», – заўважае Кацярына Андрэева.

Гэта не адзіны выпадак пераследу незалежных журналістаў за апошнія дні. 9 жніўня суд Перашамайскага раёну сталіцы пачаў разгляд справы супраць аператара тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенкі, бо той нібыта незаконна выкарыстаў таварны знак фірмы «Белсат-плюс».

Частыя ахвяры беларускай Феміды – гомельская журналістка Ларыса Шчыракова, у якой улады ўсцяж спрабуюць адабраць сына, ды таксама гомелец Кастусь Жукоўскі, якога днямі невядомыя аблілі хімікатамі.

«Той факт, што зараз нават летам у ціхую пару ціск не спыняецца, сведчыць пра тое, што ўлады рыхтуюцца да новай хвалі пратэстаў увосень. А яны будуць, а ўлады не хочуць, каб журналісты гэта асвятлялі», – мяркуе афіцыйны прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Аляксей Мінчонак.

Толькі з журналістаў «Белсату» сёлета спагналі штрафаў на больш як $ 10 тыс.

Наста Ільіна, belsat.eu