На Мёршчыне фермеры змагаюцца з уладамі за зямлю


Участак зямлі, што калісьці належаў калгасу, мёрскія ўлады выдзелілі прыватнай асобе для будовы дому. Фермеры з блізкай гаспадаркі б’юць трывогу, бо баяцца што такое суседства пашкодзіць ім працаваць. Ёсць і іншыя прычыны для неспакою.

Зянон і Ларыса Маркевічы змагаюцца з мясцовымі ўладамі за кавалак зямлі побач са сваім фермерскім участкам ва ўрочышчы Навалака на Мёршчыне, дзе яны жывуць ужо тры дзясяткі гадоў. З 2000-га году фермеры безвынікова просяць Мёрскі райвыканкам выдзеліць гэты ўчастак ім, каб пасці там кароў і авечак.

«Неаднаразова пісалі заявы, звярталіся да выканаўчых уладаў, да землеўладкавальнай службы, у Навапагосцкі сельсавет і атрымлівалі розныя адмовы па гэтым участку сельгаспрызначэння», – кажа Зянон Маркевіч.

Паўтара года таму высветлілася, што гэты ўчастак выдзелены бізнесоўцу Сяргею Цюленіну для будаўніцтва прыватнага дому. Фермеры лічаць, што мясцовыя ўлады зрабілі гэта незаконна, бо гэта калгасная зямля, і мае выкарыстоўвацца для вядзення сельскай гаспадаркі, а не для забудовы.

«Працэдуры адабрання ў калгасу і пераводу сельсавету або ў населены пункт не было, то бок гэта ціхі захоп гэтай сельгасзямлі», – мяркуе Зянон Маркевіч.

Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што гэтая зямля належыць да населенага пункта.

«Я кіруюся рашэннем раённага савету дэпутатаў, і ёсць даведнік адміністрацыйнага дзялення Рэспублікі Беларусь – там пазначана, што гэта вёска Навалка», – кажа старшыня сельсавету ў Новым пагосце Раіса Гернат.

З дакументаў жа, паводле якіх Маркевічам выдзялялі ўчастак для фермерства, вынікае іншае.

«З даведкі бачна, што выдалі нам землі ва ўрочышчы, паўсюль пісалася хутар, нідзе не ўказана, што гэта вёска», – заўважае Ларыса Маркевіч.

Апроч незвычайнай прыгажосці месца, аддадзенае пад забудову бізнесоўцу, мае яшчэ і гістарычнае значэнне. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што глыбіня культурнага слою тут сягае 70-ці сантыметраў, людзі жылі пачынаючы з эпохі неаліту, а ў XVI стагоддзі тут месціўся гандлёвы пляц з царквой.

«На маю думку, лепей аддаць гэта фермеру – ён бы проста карыстаўся зямлёй, там ува ўсе часы апрацоўвалася зямля. Апрацоўка не пашкодзіць культурны слой на глыбіні, а пабудаваўшы штосьці, знішчаеш цалкам, і шанцаў пераглядзець, паправіць няма», – мяркуе краязнаўца з Глыбокага Аляксандр Мядзелец.

Мясцовыя ўлады і Мёрскі суд, куды звярнуліся фермеры, прынялі бок бізнесоўца. Цяпер Зянон і Ларыса падалі касацыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu