Аб'ектыў 26.04.2018 На Кармяншчыне гніе мінулагодні лён, улады нічога не робяць


Раніцай выклікалі ў ваенкамат, а пасля абеду судзілі. Нягледзячы на ціск, незалежны журналіст Кастусь Жукоўскі працягвае здымкі.

На Кармяншчыне гніе мінулагодні лён. Журналісты-фрылансэры налічылі пяць вялізных скірдаў, часткова прысыпаных саломаю, ля пасёлку Пакроўскі і вёсак Бярозаўка, Бор, Каменка ў Гомельскай вобласці. На двух палях бачны лён, часткова заараны ўжо сёлета. Мясцовыя ж улады непрыбраных палеткаў папросту не заўважаюць.

«Гэта вы прыдумалі, мы лён прыбралі яшчэ ўвосень. Сабраліся талакою, нам дапамагалі іншыя раёны, і мы яго прыбралі. Вы прыязджалі і асабіста бачылі як яго прыбіралі, і цяпер падтасоўваць факты проста глупа», – кажа Таццяна Вяркеенка з аддзелу ідэалогіі Кармянскага райвыканкаму.

Сапраўды, увосень незалежны журналіст Кастусь Жукоўскі здымаў працоўны дэсант з Гомельшчыны, які скіравалі прыбраць кармянскі лён, што гніў на палетках. Спяшаліся, бо Лукашэнка загадаў скончыць прыбіраць ураджай да 7 лістапада.

«У нас працоўны дэсант, калі што, мы проста дапамагаем сельскай гаспадарцы. А чаму лён гнілы? А хто вам сказаў? Вы спецыяліст?» – казала тады Таццяна Вяркеенка.

Як бачым з актуальных здымкаў на Кармяншчыне, лён тады так і не прыбралі, ці прынамсі прыбралі не ўвесь. А незалежных журналістаў, найбольш імаверна, чакае чарговы суд за гэтае відэа.

Позвы і пратаколы журналісты атрымліваюць з незвычайнаю рэгулярнасцю, а часам пра тое, што суд адбыўся, становіцца вядома з ліста. Менавіта так было з Кастусём Жукоўскім, які акурат сёння поштай атрымаў рашэнне ў адной са справаў.

«Гэта ўсё звязана з тым, што рэжым на мяне пачаў ціск узмацняць праз тое, што я езджу здымаю эксклюзіўныя навіны, пра іхныя злачынствы, збольшага эканамічныя ці звязаныя з міліцыяй», – тлумачыць прычыны ўвагі да сябе Кастусь Жукоўскі.

Каб паказваць, што адбываецца ў краіне, незалежныя журналісты працуюць ва ўмовах сталага псіхалагічнага ціску, пагрозы штрафаў, арыштаў і канфіскацыі тэхнікі. Але менавіта дзякуючы іхным відэа ды стрымам у сацыяльных сетках мы бачым спыненыя прадпрыемствы і шкодныя выкіды, акцыі пратэстаў ці заняпад сельскай гаспадаркі.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары