«Белсат» знайшоў канапляны лес


Некалі адна з наймацнейшых гаспадарак Гомельшчыны, а сёння – развал. На зямлі Улукаўскага сельсавету нашыя журналісты знайшлі сметнікі, цэлыя лясы канопляў і татальны заняпад. Вяскоўцаў жа штрафуюць за выпас быдла і эстэтыку каля хатаў. Год малой радзімы, абвешчаны кіраўніком краіны, працягваецца, а мы ездзім па вёсках ды здымаем тое, чаго дзяржаўныя каналы не пакажуць. Сяргей Падсасонны.

Сапраўдныя палі канопляў, а таксама горы смецця. Зямля Улукаўскага сельсавету, Гомельшчына.

«Некалі тут былі вялізныя пасвішчы, дзе пасвілі элітнае быдла. Цяпер засталося гэта разбуранае, паўразбураная ферма, а мы, жыхары Улукаўскага сельсавету, вылоўліваем вось гэтыя звалкі», – кажа мясцовая жыхарка Натання Кедроўская.

Не выглядае жывою і мясцовая ферма. Некалі племянны завод «Бярозкі» і тысячы галоваў быдла. У 2012 годзе ліквідаваная праз рэарганізацыю.

«Тут, такое ўражанне, што мы патрапілі ў час адразу пасля грамадзянскае вайны – у гэты развал, раскраданне, нядбайнасць, безуладдзе. Проста не патлумачыш, што тут адбываецца», – дадае Наталля.

Але ж гаспадар ёсць. Старшыня сельсавету – Жана Бізня. І там, дзе мясцовыя ўлады лічаць патрэбным, яны з’яўляюцца і пільнуюць парадак.

«Я вось тут на няўдобіцы, пасвіла козаў. Я лічу, што гэта нічыйная зямля, дзе можна пасвіць. Тут раней пасвілі цялят, коней, а я козаў цяпер пасу. І за гэта сельскі савет мяне пакараў: перадаў дакументы ў райвыканкам, і мне там далі штраф 29 рублёў», – распавядае жыхарка Улукаўскага сельсавету Святлана Паташкова.

Як бачым, усё для вяскоўца: зямля парасла быллём, але карыстацца нельга. А калі і на сваёй зямлі будуць ляжаць непрыбраныя дошкі ад гародчыка – таксама штраф. Эстэтыка перадусім.

«Кажа: а што вам тыя 95 рублёў. Я кажу: палова маёй пенсіі. Я адна жыву, сын інвалід. Думаю, што мне рабіць. І так згадзілася, як дурніца. Думаю, 25 разоў мне хадзіць за гэтым», – кажа мясцовая жыхарка Надзея Кавалёва.

Пры гэтым, смецце куды ні глянь, не асабліва перашкаджае мясцовым уладам. Міліцыю вЫклікалі нашыя калегі, яны ж напісалі і заяву.

Чаму гэтага не робяць мясцовыя кіраўнікі, пытанне рытарычнае. Але ў святле тэлекамераў – росквіт і развіццё сельскае гаспадаркі ў афіцыйна абвешчаны Год малой радзімы.

Але не ўсюды і не ўсім. Асабліва там, куды кіраўнік не дая(ж)джае. Гадамі незалежныя эксперты гавораць пра рэальныя рэформы – асабліва пра змену формы ўласнасці.

«Сельскай гаспадарцы пільна патрэбны гаспадар зямлі. Калі мы гэта зробім, то наступнае ўжо пэўна будзе лягчэй ажыццяўляць. І калі гэтага не рабіць, то ніякай будучыні беларускага сяла, гэта я вам упэўнена кажу, не будзе!», – мяркуе Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Афіцыйна, больш за палову саўгасаў і калгасаў трэба ратаваць. Іх сукупная запазычанасць падышла да чырвонай лініі – паўмільярда рублёў.

«Неабходна перабудаваць цалкам сістэму, якая існуе. Можна толькі ў межах дэмакратыі дабівацца росквіту. Аўтарытарная сістэма можа толькі задушыць любую ініцыятыву», – адзначае Васіль Палякоў, старшыня партыі АГП.

І як паказвае рэчаіснасць, менавіта гэтак і адбываецца. А такіх сельсаветаў, як Улукаўскі на Гомельшчыне, на жаль, вельмі шмат у краіне.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»