Аб'ектыў 02.03.2018 На каго Лукашэнка пераклаў адказнасць за крызіс?


За апошнія 7 гадоў беларуская эканоміка амаль у пяць разоў адстала ад тэмпаў сусветнага росту. Гэткае прызнанне Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сённяшнім паседжанні, прысвечаным справаздачы ўраду ды Нацбанку аб эканамічных выніках мінулага году.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што прычына слабых паказнікаў беларускай эканомікі – не ў сусветным крызісе, а ў тэхналагічным адставанні Беларусі ў развіцці і тэхналогіях.

Адказнасць жа за правал Лукашэнка ўсклаў не на сябе

«Дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе 1000 рублёў не пацвярджае ніводная з абласцей. Гэта таксама кажа пра тое, што вы пакуль няздольныя яе забяспечыць», – звярнуўся кіраўнік Беларусі да чынавецтва.

Сярод сёлетніх праблемаў кіраўнік краіны адзначыў фінансавыя праблемы прадпрыемстваў.

«Я часта стаў чуць размовы аб фіскальных рызыках. Калі вы гэта мяне плаўна рыхтуеце так да таго, каб за кошт дактароў аплаціць безгаспадарлівасць прадпрыемстваў, то лепш зараз наўпрост скажыце аб гэтым і ідзіце дадому адпачываць», – дадаў Лукашэнка.

Усё так дрэнна? Чаму ўсё так дрэнна?

Нягледзячы на леташняе спыненне рэцэсіі, якое сам Лукашэнка патлумачыў здаражэннем нафты і ажыўленнем расейскага рынку, сумарныя чыстыя страты ў прамысловасці, па выніках трох кварталаў летась павялічыліся на чвэрць. Адмыслоўцы тлумачаць, прычына – у недахопе інвестыцыяў.

«Мы засталіся, практычна, без інвестараў. Абсталяванне амартызуецца. Яно маральна састарэла, фізічна зношваецца», – даводзіць дырэктар групы «Белхард» Ігар Маманенка.

Адмова ад замежных інвестыцыяў на карыць бюджэтнай праграмы мадэрнізацыі савецкай вытворчасці было свядомым рашэннем Аляксандра Лукашэнкі ў сярэдзіне нулявых гадоў. Гэтак з прапановамі купіць пакет акцый беларускіх цэментных заводаў з 97-га па 2006 год да Беларусі звярталіся найбуйнейшы ў свеце вытворца будаўнічых матэрыялаў – французская кампанія «Lafarge», ірландская група «CRH» і нямецкі канцэрн «Heidelbergcement». Усе гэтыя прапановы былі адхіленыя.

«Гэта – нашая сыравіна тут, усё наша. Чаму нам не займацца гэтым? Я прыняў рашэнне – цэментнай прамысловасці ў Беларусі быць, нічога прадаваць ня будзем», – запэўніў раней Лукашэнка.

Шалёныя грошы ў сметніцу?

На мадэрнізацыю цэментнай вытворчасці было змарнавана каля $ 1 млрд кітайскіх крэдытаў. Цэментныя заводы, з таго часу, штогод уваходзілі ў дваццатку самых стратных прадпрыемстваў Беларусі. Апошнія гады ўлады спрабуюць пакрысе мяняць курс. Летась Аляксандр Лукашэнка прыняў дэкрэт № 7, які прадугледжвае шэраг палёгкаў для прадпрымальніцтва і эфект ад гэтага ўжо можна назіраць, заявіў Белсату намеснік міністра эканомікі Беларусі, Дзмітры Матусевіч.

Старшыня Рэспубліканскай Канфедэрацыі прадпрымальніцтва, аднак, адзначаючы пазітыўныя змены апошніх гадоў, канстатуе, што да наплыву інвестараў яны не прыводзяць з-за нестабільнасці заканадаўства, якое мяняецца без папярэджання, і, часам, мае зваротную сілу.

«Магчымасць доўгатэрміновага планавання, хаця б – на 2-3 гады наперад. Жывем на кароткім павадку», – мяркуе Уладзімір Карагін.

Праблемы нестабільнасці заканадаўства і залежнасці судоў ад зацікаўленых органаў выканаўчай улады, на якія найбольш наракаюць інвестары, Аляксандр Лукашэнка на сённяшнім паседжанні не закранаў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары