На «Еўрабачанне-2017» – з беларускамоўнаю песняю


Упершыню на галоўнай еўрапейскай сцэне будзе беларускамоўная песня. Гурт Naviband запусціў акцыю «Я за беларускую мову на «Еўрабачанні» і не памыліўся. Хаця некаторыя ўдзельнікі нацыянальнага адбору скептычна ўспрынялі такую ідэю ды гучна прайгралі, атрымаўшы 0 балаў і ад гледачоў, і ад журы.

На міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2017», які сёлета ў траўні адбудзецца ў Кіеве, Беларусь рэпрэзентуе гурт Naviband.

Увечары 20-га студзеня ў беларускай сталіцы адбыўся фінал нацыянальнага адбору: з 13-ці прэтэндэнтаў шляхам галасавання тэлегледачоў і прафесійнага журы перамагла беларускамоўная кампазіцыя «Гісторыя майго жыцця» гурта Navi.

Гледачы паставілі Navi на 5-е месца, але журы вывела іх на першае. У лідары выбіўся пасля галасавання гледачоў дуэт «PROвакацыя», бо за «сваіх сяброў» заклікаў галасаваць БРСМ. Сябры саюзу выдатна далі рады з пастаўленым заданнем: дуэт апынуўся на вяршыні глядацкага галасавання, але ад журы атрымалі толькі 0. Нуль галасоў ад журы і ад гледачоў атрымаў гурт «Lermont Х Julic», які назваў беларускую мову мёртваю ды ў выніку заняў апошняе 13-е месца.

Ці задаволеныя такім выбарам беларусы?

«Не сачыла, але вельмі парадавалася, калі прачытала пра вынік адбору, шчыра парадавалася. Напэўна, сёлета першы раз за ўсё жыццё буду глядзець Еўрабачанне. Мне здаецца ў журы сядзяць не самыя глупыя людзі, гледзячы на вынікі мінулых гадоў, яны мусілі неяк прарэфлексаваць. Каб зразумець, што яны нешта робяць не так і памяняць стратэгію паводзінаў, нарэшце».

«Насамрэч, я не сачу за Еўрабачаннем: але ўчорашняя навіна мяне крышачку ўразіла».

«Журы лепш ведаюць, яны ўсё ж такі прафесіяналы. Хаця, калі людзям падабаецца, то чаму не адправіць тых, за каго прагаласавалі. Гэта ўсё ж такі народны конкурс, я так лічу».

«Я за іх творчасцю не сачыў, але чуў, што ўсе мае знаёмыя радыя. Не ведаю, на жаль, як там праходзіла галасаванне, але ўсе задаволеныя».

«Добра, што беларуская мова пайшла. Дзякуй».

Гурт Naviband з’явіўся ў 2014-ым годзе і выконвае ў асноўным беларускамоўныя творы. Гэта ўжо другая спроба гурта паехаць на «Еўрабачанне». Летась песня «Гэта зямля», якую Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук таксама выконвалі па-беларуску, не перамагла.

Facebook жартуе, што калі слушна падлічылі галасы на «Еўрабачанні» – можа, хутка і на выбарах слушна лічыць будуць. Збольшага беларускі сегмент інтэрнэту станоўча адрэагаваў на вынікі нацыянальнага адбору.

Хаця не абышлося без скепсісу. Музыка Аляксандр Кулінковіч піша ў Facebook:

«Гэта еўрапейскі конкурс і трэба прымаць умовы гульні. Еўрапейскія хатнія гаспадыні, а гэта менавіта для іх робіцца, хочуць чуць пра кроў-любоў і цукровыя губкі на зразумелай ім мове».

Без сумневу, украінскія хатнія гаспадыні беларускую мову зразумеюць, і ніхто не адмяняў негалоснае правіла конкурсу – галасуюць за суседзяў. Таму шанцы ў гурта Navi застаюцца даволі высокія.

Каб бліжэй пазнаёміцца з творчасцю гурта Naviband, не абавязкова чакаць «Еўрабачання-2017», ужо ў наступную суботу Navi – у праграме Belsat Music Live на нашым канале.

«Гурт Naviband прадставіць свой лайвсэт. Яны выканаюць тую песню, з якой перамаглі на Еўрабачанні, а таксама адну эксклюзіўную песню, якая будзе ў будучым альбоме, і адну вядомую песню. Пагутарыць з імі Міра Шульц і распавядзе пра іх аўтар праграмы Сяргей Будкін. Так што запрашаю гледачоў – наступная субота 28 студзеня, 20:30», – распавёў прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак.

Ужо цяпер гурт Navi ўвайшоў у музычную гісторыю Беларусі, даказаўшы, што беларускую мову хаваць зарана.

Наста Ільіна belsat.eu