На будоўлю ў Буда-Кашалёве вязуць пясок з халерных могілак


Не зважаючы на знаходкі касцей, будаўніцтва не спыняецца.

Звычайная будоўля ў Буда-Кашалёве Гомельскай вобласці, усё як прынята: плот, дом, будаўнікі, жвір і дзеці вакол. Якія ўжо ведаюць, што побач знайшлі чалавечыя косці.

«Мне вазілі грунт з Царкоўя. Вось і ў гэтым грунце знайшлі косці з Царкоўя. Прыязджала сюды следчая група МНС, міліцыя. Глядзелі косці, сказалі, што ім больш за 70 гадоў. Эксперт быў з імі і паехалі ў Царкоўе, на месца, якое капалі. Ну і ўсё гэтым скончылася», – кажа прараб будовы Генадзь Лазарэтаў.

Між тым знаходкі на гэтым не скончыліся. Вось, калі ласка, сківіца – нават пяць зубоў засталося. Пасля будаўнікі клічуць у лёх, дзе яны трымаюць іншыя знойдзеныя на будоўлі так бы мовіць «скарбы». Як высветліцца неўзабаве, яшчэ і моцна небяспечныя для здароўя.

Не зважаючы на знаходкі, будаўніцтва не спыняецца.

Жвір бралі побач з вёскаю Царкоўе, за 40 км ад Буда-Кашалёва. Раней тут, паводле старажылаў, была царква. Мясцовая краязнаўца Алена Барадаўчыкава паведаміла «Белсату» аб вядомым усім у наваколлі пахаванні пасярод Царкоўя.

«Гэта халернае пахаванне! Яны там з глузду з’ехалі? Іх два, вось там пасярод вёскі. І пра гэта ўсе ведаюць!», – кажа Барадаўчыкава.

Дарэчы, за савецкім часам, прыгадвае спадарыня Алена, падобнае ўжо здаралася.

«У 80-я гады, калі бралі адтуль пясок, казалі, што там чумнае пахаванне, аднекуль узялі звесткі і сказалі, што капаць там нельга!», – дадае гісторык.

Аднак цяперашнія мясцовыя ўлады пра небяспечны могільнік чамусьці забыліся. Або папросту ігнаруюць агульнапрынятыя засцярогі ў выпадку старых пахаванняў, асабліва калі вядзецца пра чуму.

«Наагул нельга выкарыстоўваць грунт з нейкіх некропаляў, а ўжо не кажучы пра тое, што там былі нейкія вялікія пахаванні часоў вялікіх эпідэміяў», – кажа архітэктар Сяргей Ляпін.

Паводле мясцовай краязнаўцы, парушаныя пахаванні з Царкоўя датуюцца 1770 годам. Акурат у гэты час па Еўропе, у тым ліку і па беларускіх землях, пракаціліся як халерныя, гэтак і чумныя эпідэміі. Вядома ж, сучасная медыцына дае рады гэтым хваробам, але ў выпадку Буда-Кашалёва ці не прасцей было ўзяць жвір з іншага месца?

Кірыл Смяглікаў; фота – Alvin Baez/Reuters/Forum