Аб'ектыў 15.12.2016 Інвестыцыі па-расейску або як на Берасцейшчыне працаўнікі чацверты год чакаюць заробкаў


Паўсотні працаўнікоў у Пружанах ужо чатыры гады чакаюць, пакуль былое прадпрыемства «Беловощмикс» сплаціць ім заробак за некалькі месяцаў – ад Br 10 млн. да Br 18 млн.старымі рублямі кожнаму.

Інвестыцыі па-расейску

«Прадпрыемства сучаснага еўрапейскага тыпу» – так пяць гадоў таму пісалі мясцовыя пружанскія медыі пра новаадкрытую лінію апрацоўвання гародніны – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Беловощмикс».

Заснавальнікам прадпрыемства быў грамадзянін Расеі – Сяргей Саідаў, які ў медыях называўся «заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Расеі». Пад вытворчасць Саідаву аддалі будынак сталоўкі радыёзаводу.

«Пачыналася нібыта някепска, 2 месяцы заплацілі нам заробак, хоць і мізэрны. Але мы спадзяваліся што будзе ўсё нармальна, выдзяляліся ж на стварэнне прадпрыемства грошы, і з раённага бюджэту, і біржа выдзеліла на стварэнне працоўных месцаў», – узгадвае Галіна Тарасевіч, былая працаўніца прадпрыемства.

Вытворчасць нібыта пайшла, але вельмі хутка працаўнікі расчараваліся ў сваім працадаўцу, бо перасталі атрымліваць заробкі.

Уласнік раптоўна знік

«Казаў, што пакуль абароту няма, продажаў няма, як прадасца будзем выплочваць», – распавядае Рахмаціль Шарыбаеў.

«Тры месяцы я ўсё давяраў, заставаўся, нейкую частку мне далі – можа траціну ад заробку і ўсё, потым справа закрылася і ўсе пазвальняліся», – кажа яшчэ адзін былы працаўнік Андрэй Дземідовіч.

Праз некалькі месяцаў уласнік сабраў сход і параіў працаўнікам спаганяць грошы праз суд. А сам знік. Рашэннем суда прадпрыемства абвесцілі банкрутам. Пружанцы лічаць, што такі план расейскі ўласнік меў ад пачатку.

«Я думаю што гэта было зроблена для адмывання грошай нейкіх, бо першапачаткова яны кідаліся грашыма», – тлумачыць спадар Дземідовіч.

На сёння антыкрызісны кіраўнік прадпрыемства прадаў усю маёмасць «Беловощмиксу» і падаў заяву ў суд на заснавальнікаў, каб вярнуць людзям заробкі. Вось толькі Саідаў не зʼявіўся на судовае паседжанне, і разгляд справы перанеслі ажно на травень. А гэта азначае, што заробленых пяць гадоў таму грошай пружанцам давядзецца чакаць яшчэ прынамсі паўгода.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары