На адкрыццё шыльды Барадуліну прыйшло сто чалавек


«Мы зрабілі такую дошку, якую захацелі», – кажа ініцыятар збору грошай на памятны знак.

Народнага паэта няма з намі ўжо больш за тры гады. За гэты час у гонар Рыгора Барадуліна ў Менску не з’явілася ані вуліцы, ані помніку. Беларусы выправілі сітуацыю, сабраўшы грошы – каля Br 7 тысячаў – талакою. Сёння на доме, дзе жыў і тварыў народны паэт, усталявалі 114-кілаграмовую памятную дошку.

На адкрыццё шыльды прыйшло каля ста чалавек – аматары слова Барадуліна і сябры паэта.

Гэты чалавек разумеў галоўнае: мова – гэта дух. І калі народ перастаў рабіць тое, што ён мусіць – развіваць і ствараць мову – гэтым заняўся адзін з найлепшых сыноў гэтага народа, – кажа паэт Уладзімір Някляеў.

Усе арганізацыйныя клопаты на сябе ўзяў старшыня саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, а саму табліцу з бронзы падрыхтаваў майстар Ігар Засімовіч, аўтар помніку-валуна на магіле Барадуліна.

Збор сродкаў на табліцу распачаў журналіст Глеб Лабадзенка, які апекаваўся Рыгорам Барадуліным у апошнія гады жыцця паэта.

«Мне здаецца, асабліва не варта спадзявацца на дзяржаву, асабліва там, дзе мы можам нешта самі зрабіць. Гэтую дошку мы зрабілі такую, якую захацелі, такую, якую яе ўбачыў скульптар, такую, якую ўхваліў Саюз мастакоў», – кажа Лабадзенка.

Табліца ўсталяваная па адрасе Мележа, 4, але, як перакананая ўдава паэта Валянціна Барадуліна, ейны муж быў бы ўсцешаны, каб памяць аб ім заставалася і ў ягоных любімых Ушачах на Віцебшчыне, дзе прайшло дзяцінства паэта і з якімі ён меў моцную сувязь праз усё жыццё.

«Я ўдзячная абсалютна ўсім, хто прыйшоў, хто ўважыў Рыгора. А так можа ніхто і не ведаў, што ў нашым доме Грыша жыў. Ён жа ні Купала, ні Колас, але некалі думаю, што ён больш, чым Купала і Колас», – сказала Валянціна Барадуліна.

Сёння Глеб Лабадзенка абвесціў збор сродкаў на новую табліцу, гэтым разам, каб ушанаваць Васіля Быкава. Усе ахвотныя могуць ахвяраваць сродкі на пляцоўцы talaka.by.

Наста Ільіна; фота – Глеб Лабадзенка