Аб'ектыў 07.03.2018 Мёры – горад дармаедаў без будучыні


Калі ехаць з Полацку на Браслаў, то абавязкова трэба заехаць у Мёры, паглядзець на стогадовы касцёл ля возера ды іншыя гістарычныя краявіды. Горад невялікі – на 8 тысячаў чалавек, але мае сярэднявечную гісторыю. Вось толькі не варта блытаць турызм з пераездам, жыць у Мёрах няпроста, бо звычайна няма за што.

«Я настаўнік па адукацыі, з Менску пераехалі летам жыць сюды, вось шукаю працу».

«Цяжка, як паўсюль. Нідзе няма працы».

«За працоўныя месцы мы трымаемся. Калі працуем, то радуемся, што маем».

«Ёсць арганізацыі дзе простыя працаўнікі, на заводах да 300 рублёў атрымліваюць. Ну і не ўсе хочуць за такія грошы працаваць»,

– распавялі «Белсату» жыхары Мёраў.

Працы ўсё менш

За апошнія гады прадпрыемствы ў Мёрах або пазачыняліся, або сталі філіяламі полацкіх прадпрыемстваў – і там прайшлі скарачэнні. У сезон можна ўладкавацца на будаўніцтва ці ў меліярацыю, але ўзімку працы няма, а за камунальныя паслугі плаціць трэба больш. А ў сістэме ЖКГ, кажуць, засела «міліцэйская мафія».

«Моцную канкурэнцыю беспрацоўным складаюць міліцыянеры, якія пайшлі працаваць на пенсіі, пасля працы, пасля 45 гадоў», – тлумачыць мясцовы актывіст Віктар Шульга.

Гэта вынік рэарганізацыі структураў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У Мёрах працуе міжраённы аддзел ЖКГ, які адказвае за Мёрскі, Браслаўскі і Шаркаўшчынскі раёны.

«Раней было ЖКГ, а цяпер стварылі «Водаканал». Паставілі кіраўніка-міліцыянта. Цяпер усе міліцыянеры-пенсіянеры пайшлі ў «Водаканал». У іх някепская пенсія – па 8-10 мільёнаў, і плюс на працы па 10 мільёнаў», – абураецца яшчэ адзін Мёрскі актывіст Багуслаў Мацук.

Без «блату» нармальную працу не знойдзеш

Таму моладзь з’язджае – хто ў сталіцу, хто ў Расею. Стала менш дзяцей – нядаўна адну з мёрскіх сярэдніх школаў зрабілі базавай.

Мёры – прыклад агульнабеларускага занядбання рэгіёнаў, мяркуе намеснік старшыні Дэмакратычнага кангрэсу незалежных прафсаюзаў.

«Каб рэгіёны развіваліся, трэба туды прыцягваць інвестыцыі, ствараць малыя прадпрыемствы. А на жаль, у нас усё, што ствараецца, гэта Менск і абласныя цэнтры, а такімі маленькімі гарадкамі ніхто не займаецца», – кажа Сяргей Антусевіч.

У рэгіёнах інвестары маюць усё той жа ціск з боку падатковай інспекцыі, бясконцыя праверкі і сацыяльную нагрузку.

Затое з праўладнай ідэалогіяй у Мёрах усё добра. Выпадковая жанчына зрабіла фота нашага журналіста, бо той здымаў аддзяленне міліцыі. Свае дзеянні мясцовая жыхарка патлумачыла напружанай міжнароднай абстаноўкай і пагрозай украінскага Майдану.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары