Аб'ектыў 29.07.2017 Мясцовыя выбары або датэрміновыя прэзідэнцкія? Апазіцыя рыхтуецца да новага палітычнага сезону


Сфальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, прызначаныя ўладамі дэпутаты ў парламент. Гэтак палітычнае поле ў Беларусі бачаць прадстаўнікі апазіцыі, а таксама тыя, хто не ва ўсім згаджаецца з афіцыйным курсам. Некаторыя лічаць, што змены неабходна пачынаць з выбараў у мясцовыя саветы.

«Трэба зараз змагацца за тое, каб на мясцовым узроўні зʼявіліся альтэрнатыўныя дэмакратычныя кандыдаты ад апазіцыі. А над гэтым трэба папрацаваць», – кажа сустаршыня «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў адбудуцца на пачатку наступнага года. Кампанія «Гавары праўду!» пачала чарговы этап мабілізацыйнай кампаніі для адбору імаверных кандыдатаў.

«Зараз мы мабілізуем людзей, якія зʼяўляюцца актывістамі “Гавары праўду”. Мы плануем, што будзе каля 150 кандыдатаў ва ўсёй краіне. А з восені мы пачынаем мабілізацыйную кампанію з прыхільнікамі, якія яшчэ сумняюцца», – распавядае Караткевіч.

Кожны з тых, хто ўжо вырашыўся ісці на выбары, мае свае прычыны.

«Я хачу закрануць сацыяльную тэму. Гэта дзіцячыя пляцоўкі, спартовыя пляцоўкі. Я люблю займацца спортам, а спартовых гарадкоў у нас няма», – кажа індывідуальны прадпрымальнік з Магілёву Андрэй Зайцаў.

«Каб была празрыстасць мясцовага бюджэту. Мы не ведаем куды ідуць грошы пасля адлічэння. Інфармацыі ў нас няма», – прызнаецца камерцыйны агент з Рэчыцы Іна Манянкова.

Але ці будзе перамога? Як вядома, стаць кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету гэта адно, а фармаванне выбарчых камісіяў – іншае.

«Ад лаяльных уладзе партыяў у камісіі трапляе каля 90% кандыдатаў, а ад апазіцыйных усяго некалькі адсоткаў. Гэта беззаконне, якое сведчыць, што выбараў у краіне няма», – мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

Беззаконне, якое вырашае канчатковы вынік выбараў.

«Тады апазіцыя галоўнай мэтаю сваёй стратэгіі мусіць выбраць паказанне грамадству, што гэтага мерапрыемства няма. Гэта стратэгія не прывядзе відавочна да нейкай перамогі, але можа дадаць апазіцыі плюсу. Чаму менавіта сёння? Сітуацыя ў эканоміцы змяняецца», – кажа Нікалюк.

Але не на лепшае. Таму пра выбары днямі загаварылі і ў Беларускім нацыянальным кангрэсе. Палітычная структура патрабуе правесці іх датэрмінова – як у парламент, гэтак і на пасаду прэзідэнта. Як патлумачылі лідары БНК, толькі законна абраная ўлада зможа правесці рэформы, якія ўратуюць краіну.

«Ідэя не новая, але чым больш праходзіць часу, тым больш выяўляецца яе актуальнасць. Актуальнасць палягае перш за ўсё на тым, што ўсе рэсурсы, якія маглі захаваць незалежнасць нашай краіны, на базе якіх краіна магла б развівацца – вычарпаныя», – заявіў Уладзімір Някляеў.

Патрабаваць датэрміновых выбараў забіраюцца ўжо 8-га верасня. Тады Беларускі нацыянальны кангрэс плануе зладзіць акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары