Аб'ектыў 21.03.2018 Мы выміраем. Беларускі хочуць, але не нараджаюць


У менскім гатэлі «Пекін» праходзіць міжнародны сімпозіум у распрацоўванні навукова-абгрунтавана падыходу да сямейнай палітыкі. На імпрэзе прэзентавалі міжнароднае параўнальнае даследаванне «Пакаленне і гендар».

Вынікі даследавання прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, навукоўцы і чыноўнікі выкарысталі, каб абмеркаваць дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі ды постсавецкіх краінах.

«Дэмаграфічныя праблемы носяць сістэмны характар, таму і патрабуюць сістэмнага падыходу», – заявіла падчас мерапрыемства Ірына Касцевіч, міністр працы і сацыяльнай абароны.

Планаваная нараджальнасць адрозніваецца ад рэальнай на 34 %

Гэта значыць, што беларускі агулам хацелі б мець на 34 % болей дзяцей, чым нарадзілі. Цяпер жа ў сярэднім у беларускай сям’і нараджаецца 1,65 % дзяцей. Гэта ніжэй за норму для падтрымання колькасці насельніцтва на адным узроўні.

«Маладыя людзі (як мужчыны, гэтак і жанчыны) хочуць працягваць адукацыю. Таму людзі ствараюць сям’ю і заводзяць дзяцей у старэйшым узросце. Гэта адзін момант. Другі момант, гэта калі ў іх ужо ёсць дзеці, то павінна быць палітыка падтрымання сям’і» – тлумачыць Алана Армітадж, рэгіянальная дырэктарка UNFPA.

Троху статыстыкі

За апошніх 15 гадоў сярэдні ўзрост беларусаў, якія бяруць шлюб, павялічыўся амаль на тры гады – цяпер сярэдні мужчына стварае сям’ю ў 28 гадоў, а жанчына – у 25 з паловаю. Першае дзіця ж беларускі звычайна нараджаюць ва ўзросце каля 26 гадоў – на два гады пазней, чым у 2000 годзе.

У Беларусі ж у выніку ўсё разбіваецца аб суворую статыстыку – пакуль Лукашэнка дэкларуе планы ў павелічэнні колькасці насельніцтва да 15 мільёнаў чалавек, за апошнія 27 гадоў жыхароў Беларусі стала амаль на 700 тысячаў менш. І тут узнікае пытанне, ці сапраўды ў дэмаграфічнай палітыцы краіны будзе выкарыстаны той самы сістэмны падыход, пра які кажуць улады.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары