«Мужык сказаў – мужык зрабіў». Стваральніку promise.by тэлефануюць героі сайта


Як адрозніць чалавека-слова ад звычайнага балабола? Цяпер зрабіць гэта прасцей пры дапамозе сайту «promise.by».

Павел Савіцкі – менскі праграміст-аматар, стварыў сайт, які дазваляе адсачыць, ці выконваюць свае абяцанні публічныя асобы. Кожны ахвотны можа змясціць тут абяцанне чыноўніка, палітыка ці нават спартовага трэнера, а затым праверыць, ці было яно выкананае.

Пасля першых публікацыяў аб стварэнні «promise.by» працадаўцы Паўла вырашылі яго звольніць. Але хлопец нават бачыць у гэтым новыя магчымасці.

Праект ужо набывае вядомасць

«На самой справе ўчора звязваўся адзін з людзей, якія там апублікаваныя, але яго словы былі агульнымі… Ніякіх пагрозаў, культурна мы з ім пакамунікавалі», – дзеліцца Павел.

Стваральнік сайту верыць, што са з’яўленнем магчымасці аператыўна адсочваць абяцанні публічныя асобы будуць надаваць большую ўвагу таму, што кажуць. Хлопец спадзяецца, што ягоны праект дапаможа павялічыць адказнасць беларускіх публічных дзеячаў ува ўсіх сферах. Да таго ж такая ініцыятыва можа спрыяць павышэнню ўзроўню палітычнай культуры.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»