ММЗ: праца за капейкі, інструменты – за свае грошы


Кіраўніцтва хваліцца вынікамі вытворчасці, але працаўнікі на сабе поспеху не адчуваюць. Рабочыя філіялу Менскага маторнага заводу ў Стоўбцах скардзяцца: прэмію даюць толькі сталічным рабочым, хто працуе ў Стоўбцах – застаецца на перыферыі планаў генеральнага кіраўніцтва.

Чаму так несправядліва?

Працаўнікі філіялу Менскага маторнага заводу ў Стоўбцах абураныя і іншым: летась яны не толькі двойчы не атрымалі абяцаных грашовых прэміяў, але і інструменты для працы, паводле іх, вымушаныя былі набываць за свае грошы. У іншым выпадку канвеер мог бы спыніцца, адзначаюць работнікі.

І сапраўды, у галоўным заводзе на вакансію інжынера-канструктара запрашаюць на заробак ад Br 914, а на такую ж вакансію ў Стоўбцы – ад Br 500. Паводле крыніцы «Белсату», прычына ў тым, што большасць прадукцыі са стаўбцоўскага філіялу ідзе за сабекошт на галоўнае прадпрыемства ў Менск, таму ў прыбытку яе не ўлічваюць. Работнікі звярталіся ў мясцовы прафсаюз і наўпрост да генеральнага дырэктара заводу, але пакуль зменаў гэтак і не дамагліся.

Яшчэ паўтара года таму філіял меў статус юрыдычнай асобы

Але пасля таго, як субрахунак зліквідавалі, кіраўніцтва філіялу сваім разліковым рахункам распараджацца больш не можа, усё ідзе праз Менск.

Працуюць у стаўбцоўскім філіяле больш як 1000 чалавек, некаторыя – з самога заснавання. У чаканні адказу ад чыноўнікаў работнікі напісалі лісты медыям у надзеі быць пачутымі кіраўніцтвам хаця б такім чынам.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum