Мізэрны тавараабарот і нявыгадная нафта: навошта Лукашэнка сябруе з Венесуэлай?


У Беларусь з афіцыйным візітам прыбыў віцэ-прэзідэнт Венесуэлы Рыкарда Мэнэндэз. З часоў былога венесуэльскага лідара Уга Чавэса абедзве краіны звязваюць цесныя сяброўскія адносіны і сумесныя эканамічныя праекты, якія ў апошнія некалькі гадоў хутчэй вісяць камянём на шыі абедзвюх краінаў. І

Стары сябар лепшы за новых двух. Напэўна менавіта гэтаю прыказкай кіруецца Аляксандр Лукашэнка, падтрымліваючы бачнасць цесных узаемаадносінаў з Баліварыянскаю рэспублікай Венесуэла. Віцэ-прэзідэнт гэтай краіны – Рыкарда Мэнэндэз – перабывае сёння з афіцыйным візітам у Менску, а Аляксандр Лукашэнка паабяцаў наведаць Венесуэлу ў наступным годзе. Апроч таго, краіны неўзабаве падпішуць дарожную карту развіцця адносінаў.

«Сёння ў нас ёсць тое, што вам трэба ў поўным аб’ёме. То ў чым вы востра маеце патрэбу. У вас ёсць тое што патрэбна нам. Мы нават на гэтым месцы можам нешта зарабіць», – заявіў Лукашэнка.

У якіх таварах востра мае патрэбу Каракас, вядома ўва ўсім свеце. У краіне пануе не толькі харчовы дэфіцыт, але і недахоп тавараў першай неабходнасці і асабістай гігіены. Сімвалам глыбокага эканамічнага крызісу сталася адсутнасць туалетнай паперы ў вольным продажы, якой улады нават узнагароджваюць верных рэжыму венесуэльскіх вайскоўцаў.

Венесуэла гэта краіна з агульным вонкавым доўгам у 200 мільярдаў долараў і золатавалютнымі рэзервамі ў 10 мільярдаў, то бок краіна на мяжы дэфолту.

Дзіўна! Звычайна прагматычная вонкавая палітыка Беларусі гэтым разам спатыкаецца аб смяхотныя лічбы ўзаемнага таваразвароту. У 2016 годзе Беларусь экспартавала ў Венесуэлу на 2 мільёны долараў, Менск у разы больш прадае Зімбабве і Афганістану. Імпарт жа быў нулявы. Сёлета саюзная Менску рэспубліка адправіла нам тавараў на, увага, 215 тысячаў долараў! А з такою арыфметыкай сам візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Венесуэлу абыдзецца беларускім падаткаплатнікам даражэй.

Венесуэла краіна багатая нафтай, а беларускае кіраўніцтва любіць сябраваць з нафтавікамі. Мы з Кадафі сябравалі, праўда яго не стала, з Іракам, Венесуэлай.

Праўда, усе праекты ў транспарціроўцы нафты з Венесуэлы ў Беларусь скончыліся правалам, кошт тоны выходзіў у 2 разы даражэйшы за расейскую. Гэты ж лёс чакала і астатнія супольныя прадпрыемствы. Венесуэльскі завод па зборцы беларускіх трактароў працуе на 9 % ад закладзенай магутнасці, грузавікоў МАЗ толькі на 7. Ды і за гэтыя невысокія абʼёмы венесуэльскі бок часцяком не разлічваецца. Падобная сітуацыя і ў будаўніцтве, дзе ў Каракасу «вісіць» неаплачаны доўг на 108 мільёнаў долараў перад «Белзарубежстроем».

Але ж не грашыма ўсё вымяраецца. Як заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка: прыйдзе час, і добрыя людзі зразумеюць ролю і значэнне Венесуэлы ў сусветнай супольнасці.

Венесуэла ў апошнія паўтара дзясятка гадоў робіць вельмі важную для ўсяго чалавецтва справу, хоць чалавецтва ўжо не раз гэта рабіла раней. Гэта вялікі эксперымент, які ставіцца над адною асобнаю нацыяй, і ён паказвае, да чаго прыводзяць такія эканамічныя мадэлі. Што наводзіць нас на думку, што ад такіх «мадэляў» трэба трымацца як мага далей.

Разумеюць гэта паступова і ў Менску. Бо сутнасць не ў вясёлкавай рыторыцы чыноўнікаў, а ў дэталях. 2 месяцы таму падчас афіцыйнага візіту ў беларускую сталіцу прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура Аляксандр Лукашэнка пасля прыёму ў рэзідэнцыі і словаў аб вечнай дружбе, знайшоў больш важныя справы, чым супольнае адкрыццё помніку венесуэльскаму герою Сімону БалІвару.

Ігар Кулей belsat.eu