Загадкавае спатканне Лукашэнкі і прэзідэнта Азербайджана


Лукашэнка, даволі неспадзявана, адправіўся з візітам у Азербайджан. Інфармацыя пра паездку зʼявілася толькі ў пятніцу, у той час як іншыя падарожжы кіраўніка краіны звычайна анансуюцца за 3–4 тыдні. Шмат хто звязвае спех з безвыніковым візітам у Маскву.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

«Галоўная мэта гэтага візіту, вядома, атрымаць Азербайджанскую нафту. Раней Лука падчас папярэдняга візіту дамаўляўся пра разавую пастаўку, зараз хоча сталыя пастаўкі».

Адзін з галоўных кірункаў беларускага экспарту, нафтапрадукты, – пад пагрозаю. Менск недаплаціў за блакітнае паліва расейскаму «Газпрому» каля $ 340 млн. і цягне з разлікам. Узамен Масква недалівае ў нафтаправод з сімвалічнаю назваю «Дружба» патрэбнай айчынным НПЗ сыравіны. Якое супадзенне, Баку адначасова і багаты на нафту, і ў недалёкай мінуўшчыне ўжо дапамагаў Менску разлічыцца за газ з расейскім манапалістам. Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў пазычаў тады Лукашэнку для гэтае мэты $ 200 млн. Ці дасць зараз?

Падзенне сусветных коштаў на нафту негатыўна паўплывала на эканоміку Азербайджану. Толькі за першае паўгоддзе 2016 года станоўчае сальда вонкавагандлёвага звароту краіны зменшылася на 50 $, да $ 2.2 млрд. А леташняя дэвальвацыя нацыянальнае валюты – манату, зменшыла прыбыткі насельніцтва ў доларавым вымярэнні амаль напалову. У такіх умовах краіна, вядома, шукае новых пакупнікоў сваёй сыравіны.

ЛЕЎ МАРГОЛІН:

«Але ці зможа Беларусь гарантаваць сталы характар набыцця Азербайджанскай нафты, ці не адбудзецца так, як было ў 11 годзе? Калі Беларусь сказала дзякуй, але Расея нам тут прапануе таней і таму мы ў вас браць не будзем».

Беларусь выявілася ненадзейным партнёрам. Адмова ад азербайджанскае нафты прывяла ў 2012 годзе да ашаламляльнага падзення ўзаемнага таваразвароту. За апошні год гэты паказнік паменеў яшчэ амаль на дзве траціны, з двухсот дзевяноста да дзевяноста мільёнаў долараў. Але ў ланцугу супадзенняў гэта яшчэ не ўсё. Сёлета ў Азербайджане адбыўся рэферэндум, з вынікамі якога Лукашэнка і павіншаваў сёння Аліева.

Адметна, але апошнім часам размовы аб гэткім плебісцыце гучаць і ў Беларусі. З жаданнем павялічыць прэзідэнцкі тэрмін да 7 гадоў выступаюць некаторыя айчынныя палітыкі, іхную прапанову падтрымлівае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Пра правядзенне рэферэндуму выказваецца і кіраўнік краіны. Так што, калі ў Баку не ўдасца дамовіцца пра эканамічныя пытанні, то прынамсі можна будзе абвесціць аб перайманні «пазітыўнага» палітычнага досведу.

Ігар Кулей, «Белсат», Фота: president.gov.by