Аб'ектыў 15.04.2018 «Місію выканалі». Вайна ў Сірыі: што будзе далей?


«Місію выканалі» – удар «выдатны»! Гэтак прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пракаментаваў вынікі аперацыі заходняй кааліцыі супраць войскаў аль-Асада. Разам з гэтым стала вядома пра новыя санкцыі, якія Белы дом рыхтуе супраць Расеі праз падтрыманне рэжыму сірыйскага лідара. Сам жа кіраўнік Сірыі падлічвае страты.

Расея мае годны адказ на любую спробу сілавога ціску з боку ЗША. Пра гэта прадстаўнік расейскага МЗС Уладзімір Ермакоў заявіў на Асамблеі Савету ў справе замежнай і абароннай палітыкі. Паводле яго, Расея вярнулася на свае гістарычна запатрабаваныя пазіцыі аднаго з гарантаў стабільнасці і справядлівасці ў глабальных справах на аснове міжнароднага права.

«Рана ці позна, але нашым амерыканскім калегам давядзецца з намі дамаўляцца. Прычым ім, напэўна, больш карысна было б гэта зрабіць рана, а не позна, бо вайскова-тэхналагічная вага ЗША ў глабальным раскладзе сілаў нязменна падае», – заявіў Уладзімір Ермакоў з Дэпартамента кантролю над узбраеннямі МЗС РФ.

Але не падае эканамічная. Паводле інфармацыі з розных крыніцаў, Вашынгтон ужо пачаў рыхтаваць новыя санкцыі супраць Расеі – гэтым разам за падтрыманне дзеянняў сірыйскіх уладаў. Маўляў, міжнародная супольнасць абавязаная рабіць усе захады, каб спыніць палітыку Башара аль-Асада.

Ракетная атака ЗША, Брытаніі ды Францыі па Сірыі адбылася ў ноч на 14-га красавіка. Скліканае на наступны дзень экстранае паседжанне Рады Бяспекі ААН адхіліла рэзалюцыю, у якой Расея асуджала ўдары ЗША, Вялікай Брытаніі ды Францыі па Сірыі. А напярэдадні Доналд Трамп папярэдзіў Башара аль-Асада пра гатовасць да новых авіяўдараў, калі той працягне «праводзіць хімічныя атакі». Але гэтых атак пакуль не чакаюць.

«На гэты момант не абмяркоўваюць прапановаў пра новыя напады, бо, дзякуй богу, рэжым Асада пакуль не настолькі дурны, каб ажыццявіць яшчэ адзін напад з выкарыстаннем хімічнае зброі», – адзначыў кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.

Паводле кіраўніка МЗС Брытаніі, асноўнаю прычынаю нанясення авіяўдару па аб’ектах на тэрыторыі Сірыі сталася жаданне спыніць выкарыстанне хімічнае зброі ў свеце. Удары ЗША ды хаўруснікаў паслужылі таксама і сігналам Расеі.

«Каб яны зразумелі межы таго, што мы намагаемся рабіць: гэта не звязана са зменаю рэжыму ці са змяненнем хады канфлікту ў Сірыі… Гэта датычыць нашага імкнення скіраваць сігнал пра дзеянні супраць сірыйскіх сілаў і сродкаў. Гэта пасланы светам сігнал у дачыненні ўжывання хімічнае зброі», – падкрэсліў Барыс Джонсан.

Прэзідэнт Сірыі Башар аль-Асад называе ўдары ЗША, Вялікай Брытаніі ды Францыі агрэсіяй і падлічвае страты. Паводле яго, аднаўленне эканомікі краіны і разбуранай інфраструктуры можа заняць 15 гадоў ды будзе каштаваць 400 мільярдаў долараў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Фота – REUTERS/Omar Sanadiki

Глядзі таксама
Каментары