Мірныя сходы: праваабаронцы прапануюць паведамляльны прынцып


Часцяком мірныя сходы ў Беларусі заканчваюцца гвалтам з боку сілавікоў. Пасля людзі атрымоўваюць буйныя штрафы, содні ў ізалятарах, а нават трапляюць пад крымінальны пераслед.

Атрымаць дазвол на мітынг ці акцыю ў нашай краіне амаль немагчыма. Істотныя змены ў Законе аб масавых мерапрыемствах з’явіліся з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Праблема ў тым, што паводле закону з 1997 года дазвол на правядзенне акцыі ці мітынгу мусіць выдаць мясцовая ўлада. Улічваючы тое, што кандыдатуры кіраўнікоў выканкамаў ухваляе сам Аляксандр Лукашэнка, разлічваць на палітычную незаангажаванасць чыноўнікаў не даводзіцца.

Не першы год дэмакратычная супольнасць нашай краіны прапаноўвае ўладам унесці змены ў закон, які, на думку праваабаронцаў, не адпавядае міжнародным стандартам. Сёння ў Менску адбыўся чарговы круглы стол, прысвечаны праблемам мірных сходаў у Беларусі.

Зміцер Салаў’ёў, праваабарончы цэнтр «Вясна»:

У нас ёсць таксама бар’ер у выглядзе неабходнасці заключыць дамову на ахову мірнага сходу, на аплату паслугаў камунальнікаў і на аплату медычных паслугаў. Насамрэч такога не мусіць быць. 

Беларускія праваабаронцы з удзелам грамадства дапрацоўваюць прапанову альтэрнатыўнага закону аб мірных сходах. Асноўная змена – гэта паведамляльны прынцып. То бок арганізатар у пісьмовай форме толькі паведамляе мясцовым уладам пра месца і час правядзення мерапрыемства. Паводле новага праекту, ні дзяржаўныя органы, ні іншыя арганізацыі не маюць права замінаць правядзенню мірных акцыяў. Сходы могуць забараняцца толькі ў выпадку неабходнасці абароны дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі. Але рашэнне ў гэтай справе прымаюць не чыноўнікі.

Гэткая схема дзее ў нашых украінскіх суседзяў. Лібералізацыя закону аб мірных сходах прынесла станоўчыя вынікі і ў Малдове. Працэс у гэтай постсавецкай краіне пачаўся ў 2007 годзе.

У Беларусі пакуль з дакладнасцю наадварот. Апошнія брутальныя паводзіны міліцыянтаў выклікалі хвалю абурэння ў грамадстве ды канчаткова падарвалі давер да ўлады нават у тых, хто яшчэ да нядаўна верыў у курс на лібералізацыю.

Ян Бабіцкі, «Белсат»