Аб'ектыў 27.04.2017 Міністр працы: Хто хацеў працаваць – таго працаўладкавалі


Усіх, хто хацеў працаваць, – працаўладкавалі

Гэтак міністр працы Ірына Касцевіч падсумавала вынікі працы мясцовых органаў улады ў выкананні загаду Аляксандра Лукашэнкі – працаўладкаваць усіх, хто жадае, да 1 траўня.

Паводле міністра, цяпер на аднаго шукальніка прыпадае адная вакансія. Год таму на працоўнае месца прэтэндавалі ў сярэднім два чалавекі.

Ці павялічылася колькасць рэальных працоўных прапановаў?

«Калі казаць за апошні год, яны зменшыліся. Зменшыліся па вядомых прычынах – у сувязі з няпростай эканамічнай сітуацыяй у рэспубліцы Беларусь», – супярэчыць заявам міністра дырэктар кадравага агенцтва «Кіят» спадар Ігар Кочатаў.

Адмыслоўцы рынку працы, аднак, канстатуюць сезонны ўсплёск попыту на працоўную сілу.

«Недзе два-тры месяцы, асабліва апошні месяц сітуацыя пачала паляпшацца. Напрыклад, мы фіксуем павелічэнне паступлення вакансіяў, у параўнанні з кастрычнікам мінулага году, на 30-40 %», – дадае дырэктар «Кіят».

Занятасць, нягледзячы на новыя вакансіі, не паляпшаецца

Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, прадпрыемствы Беларусі пяты месяц запар звальняюць больш людзей, чым бяруць на працу. Незалежныя прафсаюзы адзначаюць, што многія вакансіі зʼяўляюцца для людзей непрымальнымі.

У той жа час, паводле агенцтва кадраў Кіят, заробкі адмыслоўцам за апошні год выраслі прыблізна на 10 %. Гэта адпавядае афіцыйнай статыстыцы па ўсёй краіне, паводле якой, рэальныя прыбыткі працоўных, то бок – з улікам 9-адсоткавай інфляцыі, павялічыліся на 1 %. Афіцыйны сярэдні заробак па краіне ў сакавіку Br 770. Аляксандр Лукашэнка настойвае, што да канца году ён павялічыцца на траціну.

Але паводле аналізу нацыянальнага банку вакансіяў, праведзенага парталам tut.by, вольных месцаў з заробкам больш за Br 770 – менш за 5%. А кожны пяты працадаўца прапануе працаваць за заробак, які не дацягвае да мінімальнага дазволенага ў краіне.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары