Міністэрства працы не бачыць беспрацоўных


Беспрацоўе ў Беларусі цягам году зменшылася ажно ўдвая – рапартуе міністэрства працы. Што праўда вядзецца не пра рэальную колькасць тых, хто не можа знайсці працу, а пра тых, хто ў якасці беспрацоўнага зарэгістраваўся.

Тэрмін працаўладкавання «усіх людзей» мінуў амаль год таму – гэтае даручэнне Лукашэнка даў летась у сакавіку. Але і дасюль працуюць не ўсе.

На пачатак красавіка ў Беларусі зарэгістравана амаль 23 тысячы беспрацоўных – паведамляе Міністэрства працы. Год таму іх было ўдвая больш – амаль 43 з паловаю тысячы. Тлумачаць у міністэрстве такое значнае паляпшэнне сітуацыі на рынку працы павелічэннем попыту на працоўную сілу ды рытмічнаю працай прадпрыемстваў.

«Зменшылася вымушаная няпоўная занятасць больш чым удвая… ну і службы занятасці працуюць. у мінулым годзе актыўна была разгорнутая праца па садзейнічанню ў працаўладкаванні ў адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта і ў комплексе дало такі вынік», – запэўнівае Алег Токун з Упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы.

Найбольш беспрацоўных, паводле Міністэрства працы, на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Берасцейшчыне, а найменш – у Менску. Лічбы, што падае Міністэрства працы, не адлюстроўваюць рэальнага стану рэчаў, кажуць эксперты. Фактычную колькасць беспрацоўных улады агучваюць рэдка, мінулы раз – летась у лютым. Тады, паводле Белстату, 260 тысячаў беларусаў заявілі, што не маюць працы.

«Летась Белстат даў гэты паказнік 5,6%. Сёлета Белстат зрабіў выбарачнае даследаванне ў Маладзечанскім раёне, аказалася што ў Маладзечанскім раёне беспрацоўе складае 9%. Можна сказаць, што ў іншых раёнах блізка да гэтага», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Такім чынам, рэальная колькасць беспрацоўных не паменшылася, а наадварот, павялічылася амаль удвая. Але паказваць гэтыя лічбы чыноўнікам нявыгадна. Але чаму тады афіцыйнае беспрацоўе ажно ўдвая зменшылася? На думку адмыслоўца, перадусім спрыяў стварэнню прыгожай справаздачы непрыняты дэкрэт пра дармаедаў.

«Напачатку году ўрад напалохаў людзей што будуць браць падаткі і многія хто не хацеў пад яго трапіць сталі рэгістравацца на біржы працы… А калі стала зразумела што ў гэтым годзе падатку не будзе яны зноў сышлі з біржы», – адзначае Злотнікаў.

Яшчэ на пачатку сакавіка кіраўнік краіны заклікаў чыноўнікаў адарвацца ад лічбаў. Маўляў, лічбы для іх важнейшыя за рэчаіснасць. Як вынікае з апошніх справаздачаў Міністэрства працы аб беспрацоўі, верыць у тое, што нешта змянілася да лепшага, не выпадае.

ІД, «Белсат»