Мінімалка падвысілася. Магілёўцы: нерэальна жыць


Шлях да сацыяльнай дзяржавы кіраўнік Беларусі распачаў у далёкім 1994-ым. І – прынамсі на словах – працягвае далей.

Ад сёння чалавечы патэнцыял у Беларусі ацэньваюць на Br 1,5 болей. На столькі Міністэрства працы павысіла бюджэт пражыткавага мінімуму. Як тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў, пад гэтым паняткам беларускі ўрад разумее мінімальную суму, за якую чалавек можа выжыць у нашай краіне.

«Толькі, каб ён паеў і з голаду не памёр, мінімальныя санітарныя патрэбы. Ён не можа пры такіх прыбытках падтрымліваць сям’ю, не можа мець дзяцей. Гэта самы мінімальны ўзровень фізічнага выжывання чалавека», – даводзіць ён.

Павышэнне на Br 1,5 не выклікала энтузіязму ў грамадзянаў

Прынамсі ў тых жыхароў Магілёва, якіх апытаў «Белсат».

«Нерэальна жыць, немагчыма. Я яшчэ падпрацоўваю. Нават тыя грошы, што я падпрацоўваю, і ледзьве хапае, каб выжыць».

«Гэта вельмі мала. Палічыце камунальныя паслугі. Хочацца кудысьці і схадзіць, абуцца, апрануцца – гэта вельмі мала».

«Гэта трэба прапанаваць тым, хто гэта зрабіў, пражыць на гэтыя грошы. Калі яны гэта змогуць і пакажуць, распішуць гэты бюджэт, – калі ласка!».

– кажуць мінакі.

Змяніліся мінімальныя працоўныя ды сацыяльныя пенсіі

З 1-га лютага яны выраслі ў сярэднім на тую ж суму.

Пакуль кіраўнік краіны абяцае ўсім Br 1000, бальшыня не атрымлівае і паловы.

«Калі ўзяць медыянную зарплату – сярэдні прыбытак, які дзеліць насельніцтва на дзве роўныя часткі. Вось гэтая медыянная зарплата – яна ў нас Br 555 ($ 270). Гэта таксама вельмі маленькая велічыня», – звяртае ўвагу спадар Злотнікаў.

У той жа час расце колькасць тых, хто жыве за рысаю нацыянальнай беднасці. Паводле статыстыкі за верасень прыбыткі амаль 6 % беларусаў былі ніжэйшыя за пражыткавы мінімум. Такім чынам беднасць закранае больш як паўмільёна жыхароў гэтак званай сацыяльнай дзяржавы.

Вольга Жарнасек, «Белсат», Фота: Rymakov Vadim / ITAR-TASS / Forum