Мінфін ЗША будзе шукаць тых, хто мае выгаду ад багацця Пуціна


Еўразвяз працягнуў на паўгода санкцыі супраць расейскіх грамадзянаў, датычных да акупацыі Крыму і вайны на Данбасе. Гэтак, у чорным спісе застаюцца 155 фізічных асобаў і 44 кампаніі. Сярод абмежаванняў – забарона ўезду ў Еўразвяз і замарожванне банкаўскіх рахункаў. Здавалася б, захады маюць больш сімвалічны характар, але…

Канстанцін фон Эгерт, расейскі палітолаг:

«Уздзеянне гэтае, можа быць, не так відаць, але ўлічваючы экспансіянісцкі характар замежнай палітыкі Крамлю, войны ў Сірыі, Украіне, няспынныя маштабныя вучэнні, такога кшталту санкцыі ўплываюць на эканоміку, яны ўплываюць на палітычную эліту, на вярхушку краіны».

Тым часам за акіянам таксама займаюцца расейскім пытаннем. Напярэдадні Доналд Трамп падпісаў закон, які дазволіць накладаць санкцыі на краіны, якія ўмешваюцца ў амерыканскія выбары.

А былыя чыноўнікі Міністэрства фінансаў ЗША рэкамендавалі сенатарам прыняць больш выразныя крокі ў дачыненні Расеі.

З даклада экс-чыноўніка Мінфіну ЗША Даліпа Сінга:

«Міністэрства фінансаў ЗША і іншыя органы ўлады маюць правесці расследаванне, у межах якога паспрабаваць высветліць размяшчэнне, холдынгі ды фінансавых пасярэднікаў, якія кіруюць і маюць выгаду ад багацця Пуціна».

22-га жніўня ЗША ўвялі першы пакет новых санкцыяў у сувязі з атручваннем Скрыпалёў, абмежаванні датычаць экспарту ў Расею амерыканскіх тэхналогіяў, звязаных з нацыянальнай бяспекай. Другую порцыю санкцыяў абяцаюць увесці ў лістападзе, у выпадку, калі Расея не пойдзе на супрацу з міжнароднай супольнасцю ў пытаннях хімічнай зброі. Канстанцін фон Эгерт, расейскі палітолаг:

«Усё больш і больш сур’ёзна будзе абмяжоўвацца доступ Расеі, дзяржаўных кампаніяў да рознага кшталту тэхналогіяў».

«Закуп тэхналогіяў для расейскай касмічнай, нафтагазавай прамысловасці будзе заўважна ўскладнены».

Але, як адзначаюць эксперты, Масква не збіраецца прыслухоўвацца да Захаду ані ў справе Скрыпалёў, ані ў іншых сферах. На тле пагаршэння эканамічнай сітуацыі, Расея супольна з Кітаем і Манголіяй ладзяць найбуйнейшыя з савецкага часу вайсковыя вучэнні «Усход-2018».

Між тым фінансавых запасаў у Расеі ўсё менее. Адмысловы Рэзервовы фонд, які быў створаны ў 2008 са звышдаходаў ад продажу нафты, і налічваў 140 мільярдаў долараў, апусцеў яшчэ ў лютым. Сродкаў жа з Фонду нацыянальнага дабрабыту, паводле кіраўніка Лічыльнай палаты Аляксея Кудрына, хопіць толькі на тое, каб перажыць яшчэ адзін крызіс узроўню 2008 года.

Між тым, пасля прыняцця рашэння аб павышэнні пенсійнага ўзросту, знайсці незадаволеных на вуліцах расейскіх гарадоў зусім не складана. Апытаныя намі жыхары Бранску распавялі пра ўзровень жыцця:

«Асабліва ўпадку я не адчуваю, але ў цэлым адчуваю, што нешта не тое».

«Шчыра скажу, нібыта і дастатак такі самы, але жыць цяжэй стала».

«Жывем практычна па акцыях. У крамах прадуктовых, вылоўліваем усе акцыі».

«Так, адчуваю, што панізіўся.

– Ад чаго давялося адмовіцца?

Ведаеце, мы даўно так не ашчаджалі як цяпер».

Але ашчаджаюць, відавочна, не ўсе. Уладзімір Пуцін не цураецца пахваліцца раскошным жыццём – гэтак, напрыклад, выглядала ягоная ўчорашняя вячэра з кіраўніком Кітаю Сі Цзін Пінам. Як падлічылі польскія журналісты, кошт выстаўленай на стале ікры роўны паўгадавому даходу сярэднестатыстычнага расейца.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Kevin Lamarque / FORUM