Мінфін прапануе інвеставаць у дзяржаўны доўг Беларусі


Мінфін пачынае кампанію па прэзентацыі міжнародным інвестарам гэтак-званых еўрабондаў – даўгавых папераў, якія Беларусь хоча прадаць на біржы. Чаму Менск ідзе на гэты крок, ці ўдасца яму знайсці ахвотных фондавых інвестараў і як гэта адабʼецца на беларусах?

Надыходзіць час расплочвацца па старых еўрабондах і афіцыйны Менск спрабуе выпусціць новыя. Беларусь распачынае серыю сустрэчаў з заходнімі фінансістамі, спрабуючы пераканаць іх інвеставаць у дзяржаўны доўг нашай краіны.

Паводле сёлетняга бюджэту, пазычыць на фондавых рынках плануецца $ 800 мільёнаў. Роўна столькі ж нашая краіна павінна аддаць на пачатку наступнага году па еўрабондах, размешчаных у 2011 годзе.

Аналітыкі мяркуюць, што інвестараў знайсці Менску ўдасца. Праблема, аднак, у тым, што пазычэнні на фондавых біржах для Беларусі – вельмі дарагія.

«Працэнты не павінны перавышаць тэмпы эканамічнага росту, а ў нашым выпадку – перавышаюць у шмат разоў», – мяркуе старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Як паведаміў на мінулым тыдні намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, цяпер Беларусь траціць 10% ад рэспубліканскага бюджэта на выплату адных толькі адсоткаў па ўзятых раней крэдытах. Паводле намесніка старшыні камітэту дзяржкантролю Аляксандра Курлыпа, леташняя даўгавая нагрузка на бюджэт была большая, чым выдаткі на армію, медыцыну, міліцыю і адукацыю – разам узятыя.

«За апошнія 15 год валавы замежны доўг Беларусі павялічыўся больш, чым у 10 разоў і працягвае расці. Міжнароднае рэйтынгавае агецтва Standard & Poor’s папярэджвае, што яны будуць расці і надалей. Адпаведна будуць расці і бюджэтныя выдатку на іх абслугоўванне», – тлумачыць экс-дарадца старшыні Нацбанку Сяргей Жбанаў.

«Грошы на абслугоўванне доўгу дзяржава бярэ, перадусім, з інвестыцыйнай праграмы. Інвестыцыі ў мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў змяншаюцца чатыры гады запар, што падрывае іх канкурэнтаздольнасць», – дадае Жбанаў.

Станіслаўе Івашкевіч, «Белсат»