Аб'ектыў 26.12.2017 Мільён гатовы да пратэсту, 200 тыс. – да паўстання


Цэлы мільён беларусаў гатовыя выйсці на мітынг, а 200 тысячаў – нават на ўзброенае паўстанне. Такія лічбы са спасылкай на Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры адміністрацыі прэзідэнта апублікавалі беларускія медыі. Ці варта чакаць рэвалюцыі ды што азначаюць лічбы дзяржаўных сацыёлагаў?

Зборнік «Рэспубліка Беларусь у люстэрку сацыялогіі», апублікаваны Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Лукашэнку, – гэта нібыта «голас народу» за 2016 год. Укладальнікі сцвярджаюць, што збіралі меркаванні беларусаў для прыняцця важных дзяржаўных рашэнняў.

Летась у сакавіку Лукашэнка казаў пра меркаванне народу

Але тут жа падпісаў указ аб падвышэнні пенсійнага ўзросту. Бо, цытата, «мужык у 60 гадоў – гэта конь, на якім яшчэ можна араць».

«А скажы жанчыне, што яна старуха ў 55 гадоў ці пенсіянерка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапаноўваем: раз ты не старуха, не пенсіянерка, давай папрацуй – іншае меркаванне», – пераконваў усіх кіраўнік Беларусі.

Паводле лукашэнкаўскіх сацыёлагаў

У 2016-м 70 % беларусаў палічылі сябе людзьмі з сярэднім дабрабытам, а 2/3 насельніцтва былі цалкам задаволеныя сваім жыццём. Але не спяшайцеся давяраць Інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру – ён наўпрост залежыць ад кіраўніка дзяржавы, а тры гады таму ўвогуле працаваў праз выканкамы і школы адміністрацыйным шляхам, нагадваюць адмыслоўцы.

«Інфармацыйна-аналітычны цэнтр залежыць ад Адміністрацыі прэзідэнта, ён не займаецца незалежнымі даследаваннямі, а хутчэй выконвае ідэалагічную функцыю забеспячэння дзяржаўнай палітыкі. А значыць, апублікаваныя лічбы і інтэрпрэтацыі хутчэй выкарыстоўваюцца для пацверджання правільнасці абранага ідэалагічнага курсу», – мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Афіцыйныя лічбы паказваюць, што апазіцыя – вялікая

Паводле гэтага дзяржаўнага даследавання, ад 7-14 % беларусаў дапускалі свой удзел у мітынгах і дэманстрацыях, а каля 2 % былі гатовыя да ўзброеных дзеянняў. У фармулёўцы Цэнтру, «улучна з выключнымі акалічнасцямі». Гэтыя «акалічнасці» – проста спосаб уладных ідэолагаў-сацыёлагаў адначасова паказаць, што незадаволенасць народу – мінімальная, і патлумачыць хвалі пратэстаў 2016-га года, лічыць Андрэй Ягораў. Тады бунтавалі найперш прадпрымальнікі, прыціснутыя да сцяны ўказам № 222 аб сертыфікатах Мытнага саюзу.

«Гэтыя 11-14% прыкладна адпавядаюць звыклым настроям, якія былі на працягу апошніх 10 гадоў. Але, як мы бачым, у рэчаіснасці яны выліваюцца максімум у 30-50 тысячаў на вуліцах, што недастаткова для змены рэжыму праз мітынгі і дэманстрацыі», – звяртае ўвагу спадар Ягораў.

Бо дэкларацыя аб гатовасці і рэальны ўдзел – розныя рэчы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары