Міліцыянты зламалі мужчыну рабро за адсутнасць флікера


Ішоў дадому, а апынуўся збітым у аддзяленні міліцыі. І ўсё праз адсутнасць флікера. Падобны сцэнар разгортвання падзеяў – ужо другі на Гомельшчыне, пра які стала вядома ад пачатку года. Мужчына дагэтуль знаходзіцца на бальнічным са зламаным міліцыянтамі рабром.

«Яны напісалі, што ў выніку ўжывання фізічнай сілы ў іх атрымалася надзець на мяне кайданкі і ўсадзіць у службовае аўта. Гэта падман, таму што тут кайданкі яны мне не надзявалі, мы паехалі, усё нармальна было, а ўжо каля міліцыі, РАУСу, яны сталі мяне біць, душыць, і там адзелі», – узгадвае перажытае пацярпелы Віктар Арцюх.

Гэта – не адзінае разыходжанне ў міліцэйскім рапарце

Давесці, што не супраціўляўся, у мужчыны таксама не атрымалася. У той вечар Віктар амаль дайшоў дадому, калі на прыдваровай тэрыторыі яго спыніла патрульна-паставая служба.

«Да мяне пад’ехала машына міліцыі. І запытала: дзе ваш флікер? Я адказаў – няма. Яны запыталі: а дзе ваш пашпарт?», – распавядае Віктар.

Пашпарта з сабой у мужчыны не аказалася

Калі міліцыянты адмовіліся пайсці да яго дадому, Віктар патэлефанаваў жонцы ды папрасіў прынесці дакумент.

«Я нават не паверыла, што майго мужа можа спыніць міліцыя. Я запытала: «Ты што, жартуеш»? Ён папрасіў супрацоўніка міліцыі пацвердзіць. Той адказаў: «Што, у тэлефоне бачна, што я міліцыя?» Я ўжо гэта пачула, хутка апранулася і прыйшла. Ісці менш 100 метраў, мне падаецца, прынесла пашпарт, працягнула яго супрацоўнікам міліцыі, яны мне сказалі, ідзіце, не перашкаджайце. Пашпарт глядзець не сталі, хаця запрашвалі пасведчанне асобы», – зазначыла Марына Арцюх.

Працаўнікі патрульна-паставой службы – Дзмітрый Літвіновіч і Валерый Кузькоў – запіхнулі мужчыну ў машыну і павезлі ў РАУС. Марына, суправаджаць мужа якой не дазволілі, прыехала ў аддзяленне самастойна.

Не першы выпадак

Месяц таму праз адсутнасць флікера жорстка затрымалі жыхара Хойнікаў Аляксея Шасцерыка. Мужчыну, які заступіўся за незнаёмца перад супрацоўнікамі міліцыі, збілі на вачах у ягоных жа дзяцей. Днямі ж стала вядома і пра гвалтоўны выпадак у Менску. Акторку Святлану Сакалоўскую ды ейных сяброў сілавікі збілі ў навагоднюю ноч.

Што ж спараджае міліцэйскі гвалт?

«Зараз міліцыя разглядаецца як апора існуючай улады, прычым як такая сілавая апора, і таму не надаецца такой вялікай увагі, каб яны дзейнічалі па законе», – упэўнены праваабаронца Віктар Адзіночанка.

Што да Віктара Арцюха, ён спадзяецца на правасуддзе вышэйшых органаў. З вынікамі экспертызы – зафіксаванымі гематомамі, драпінамі ды пералом рэбраў – мужчына звярнуўся Следчы камітэт.

Юлія Лабанава, Кастусь Жукоўскі, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum