Міліцыянты пераследуюць гомельскага журналіста


Супрацоўнічаў з «Белсатам» – ціснулі, перастаў супрацоўнічаць – усё роўна ціснуць. Журналіст-фрылансэр Кастусь Жукоўскі з Гомля распавёў пра чарговае сутыкненне з уладамі.

«Я мог памерці. Гэта папросту ставіць пад пагрозу маё жыццё, гэта злачынства, зробленае міліцыянтамі», – кажа Кастусь Жукоўскі.

Напярэдадні Жукоўскі прыйшоў у мясцовую ДАІ, каб нарэшце вярнуць правы кіроўцы, якіх яго пазбавілі год таму. Але міліцыянты адмовіліся вяртаць дакумент, нават не патлумачыўшы прычынаў. Тады журналіст папрасіў азнаёміць яго з матэрыяламі справы.

«І адміністрацыйныя працэсы, і Канстытуцыя нашай краіны гарантуюць кожнаму грамадзяніну атрымліваюць тую інфармацыю, якая закранае ягоныя правы ды законныя інтарэсы», – тлумачыць праваабаронца Леанід Судаленка.

Аднак замест матэрыялаў справы, якіх запатрабаваў Жукоўскі ў аўтаінспектараў, тыя прынеслі толькі стос непрашытых папераў, траціна тэксту ў якіх была схаваная за белымі аркушамі.

«Я сарваў адзін аркуш, які залепліваў матэрыялы справы, там заўважыў тое, за што мяне пазбавілі правоў. Там было напісана наўпрост… [Маўляў,] пасля прагляду матэрыялу, што выйшаў на тэлеканале «Белсат», злачынцы ў пагонах знайшлі правапарушэнні з боку Жукоўскага, за што пазбавілі яго правоў ды наклалі штраф у памеры 10 базавых. Вось менавіта гэта яны і хавалі цэлы год», – распавядае журналіст.

Паводле Жукоўскага, калі ён пачаў рабіць фота гэтых дакументаў, у аддзяленні стварылася нездаровая атмасфера, а інспектары адразу ж выклікалі міліцыю і Следчы камітэт.

«Супраць мяне хацелі завесці крымінальную справу, але склалі пратакол па 17.1 – зрыў працы дзяржаўных службаў», – кажа Жукоўскі.

Пасля шасці гадзінаў у «дзяжурцы» фрылансэра павезлі ў суд. Па дарозе Жукоўскі заявіў, што яму дрэнна, і неаднойчы прасіў міліцыянтаў выклікаць «хуткую» і пусціць у прыбіральню.

«Міліцыянты не рэагавалі ніяк. Казалі: «Ужо выклікалі» або «Пацярпіш». Я не цярпеў і цярпець не збіраўся! Мне стала яшчэ горш…», – дадае фрылансер.

«Хуткую», аднак, усё-ткі выклікалі – ужо ў судзе, куды Жукоўскага ледзьве не заносілі на руках. Дактары адвезлі журналіста ў шпіталь, дзе зафіксавалі ў яго павышаную тэмпературу і ціск, прызначылі лячэнне і пасцельны рэжым.

Дасталося і жонцы фрылансэра. ДАІшнікі спынілі машыну, на якой Алена Жукоўская разам з паплечнікамі мужа накіроўвалася ў суд. Ды склалі пратакол за… налепку з «Пагоняй» на кузаве аўта.

Сёння на дзеянні праваахоўнікаў Кастусь Жукоўскі напісаў скаргі ў пракуратуру, Следчы камітэт і МУС. І даслаў іх у цэнтральныя органы ведамстваў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»