Аб'ектыў 05.07.2017 Міліцыянт збіў аўтам людзей і можа пазбегнуць адказнасці


Паводле сведкаў, трагедыя ў Старых Дарогах адбылася ў цэнтры гораду, за 50 метраў ад райвыканкаму. Працаўнік мясцовага РУУСу прыватным аўтам наехаў на двух мужчынаў 1983-га і 1978-га года нараджэння. Паводле экспертызы, абодва мелі ў крыві больш за 2 праміле алкаголю. Цяпер адзін з пацярпелых – у мясцовай больніцы, другі, у вельмі цяжкім стане – у рэанімацыі ў Слуцку.

Наезд адбыўся паміж двума пешаходнымі пераходамі ў цэнтры гораду

Дазволеная хуткасць тут – прыблізна 30 кіламетраў за гадзіну. Гледзячы на званне, за стырном быў таксама маладзён, паводле сведкаў, гэта лейтэнант мясцовага РУУСу, інспектар у справах няпоўнагадовых.

Паводле следства, міліцыянт, які здзейсніў наезд, быў цвярозы ды ехаў у межах правілаў, то бок не хутчэй за 30 км за гадзіну. Але ў такім выпадку пацярпелыя мелі б толькі сінякі. Цяпер жа адзін з пацярпелых у коме з пераломам чэрапу з двух бакоў. Другі ў Старых Дарогах, паводле галоўнага доктара, ягоны стан палепшыўся.

Да гэтага часу мясцовая міліцыя маўчыць

Вядома толькі, што крымінальную справу перадалі менскаму Следчаму камітэту.

Здарэнне ў Старых Дарогах не першая аўтамабільная аварыя з удзелам міліцыянтаў апошнім часам. У красавіку ў нецвярозым стане за стырном затрымалі начальніка Столінскай міліцыі. Летась п’яны начальнік Баранавіцкага ДАІ насмерць збіў жанчыну.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары