Міліцыянт выстраліў хлопцу ў спіну. Цяпер хлопца судзяць


Ледзь не загінуў у навагоднюю ноч, а сёння апынуўся на лаве падсудных. Андрэя Гаўроша судзяць за супраціў міліцыі з ужываннем гвалту.

У судзе Маскоўскага раёну найперш выслухалі міліцыянта

Руслана Салаўёва, які страляў, следства лічыць пацярпелым. Паводле адваката падсуднага, некаторыя сведчанні працаўніка МУС значна адрозніваліся ад папярэдняй версіі. Ён блытаўся ў колькасці стрэлаў. Цяпер Салаўёў прызнаў, што папераджальнага стрэлу не было.

«Бачна, што яго навучылі што казаць. У першых словах гэта былі паказанні таго што ён бачыў і памятае, а тое, што загадалі – гэта іншая справа. Ён блытае ўсё следства», – падзяліўся назіраннямі актывіст Міраслаў Мацкевіч.

Андрэй Гаўрош сваёй віны не прызнаў

Інцыдэнт у адным з дамоў на вуліцы Любімава ў Менску здарыўся 1-га студзеня. На парозе кватэры 73 зʼявіўся міліцыянт. Падставаю візіту стаўся нібыта выклік суседзяў, якія скардзіліся на шум.

Паводле Руслана Салаўёва, да яго выйшаў нецвярозы Андрэй Гаўрош і пачаў яго збіваць. Пасля спрабаваў завалодаць табельнаю зброяй міліцыянта. У адказ прагучалі тры стрэлы. Два з іх цяжка паранілі Гаўроша. Паказанні міліцыянта аднак выклікаюць пытанні.

«Заяўленая раненне ў спіну. Як можна стрэліць у спіну, калі падчас усіх стрэлаў твае рукі нехта трымае. Нічога не зразумела», – кажа грамадскі актывіст Аляксандр Максіменя.

Сведкі падзеяў агучылі іншую версію

Адразу пасля інцыдэнту «Белсат» размаўляў з маладзёнамі, якія былі ў адной кватэры з Андрэем Гаўрошам і суседзямі. «Было ціха, адзначалі новы год, як звычайныя людзі. Ніхто не шумеў», – сведчыў тады сусед Кірыл.

«Андрэй быў адэкватны, быў спакойны, ураўнаважаны. З ягонага боку не магло быць ніякай агрэсіі», – узгадвае Аляксандр, сябар Гаўроша.

Здарэнне выклікала шмат пытанняў да міліцыі

Вядома, што Руслан Салаўёў не мусіў ужыць агнявой зброі. Калі канфлікт насамрэч меў месца, міліцыянт мог выкарыстаць газавы балончык. Аднак, як выявілася на судзе, гэтая прылада была ў непрацоўным стане. Дзе быў дручок? У пастарунку, бо ён адзін на дзяжурную змену. Іншая рэч: чаму, прайшоўшы адмысловае рыхтаванне, праваахоўнік не здолеў абясшкодзіць патэнцыйнага хулігана, а сам стаўся ахвяраю? І, ўрэшце, чаму быў без напарніка? Найхутчэй, адказаў на гэтыя пытанні не будзе.

Міліцыянта Руслана Салаўёва бароніць кіраўнік краіны Лукашэнка

«Што гэты пацан няправільна зрабіў? Гэта яго права. У яго шырокі сегмент выбару: або ён ужывае зброю, або пачынае змагацца. Ён, ацаніўшы сітуацыю, ужыў зброю. У рэшце рэшт не застрэліў. Гэта сігнал грамадству, што валтузні з падонкамі не будзе», – адрэагаваў на інцыдэнт кіраўнік Беларусі.

А таму не цяжка і прадбачыць, які будзе канчатковы вынік гэтага гучнага судовага працэсу.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Вольга Шукайла / TUT.BY