Міліцыя затрымала мастакоў, якія малююць палітычныя графіці


Разгляд справы Алега Ларычава і Ганны Новікавай у Кастрычніцкім судзе сталіцы праходзіў паводле добра вядомага апошнім часам сцэнару. Галоўным сведкам у судзе выступіў міліцыянт.

«Усё праходзіла як і звычайна. Класічная фармулёўка: Быў затрыманы, лаяўся, пагражаў. Улічваючы тое, што адзіны сведка гэта амапавец, – сітуацыя для суду ясная», – пракаментаваў працэс блогер Эдуард Пальчыс.

На судзе Алег Ларычаў прызнаўся, што спрабаваў выпрабаваць трафарэт з графікаю, прысвечанай арыштаваным паводле справы «Белага легіёну».

Ларычава затрымалі разам з сяброўкаю

На іх накінуліся людзі ў цывільным і зацягнулі ў мікрааўтобус. Пры сабе графіцісты мелі фарбы і трафарэт з лагатыпам «Белага легіёну». Выходныя іх пратрымалі ў пастарунку.

З пераследам куратар стрыт-арт-праекту «Signal» Алег Ларычаў сутыкаецца ўжо не ўпершыню. Напрыканцы красавіка яго пакаралі пяццю соднямі арышту паводле артыкулу «Дробнае хуліганства». Да гэтага яму прысудзілі штраф памерам Br 1100.

Алега палічылі адказным за змены ў графіці на Магілёўскай вуліцы сталіцы, прысвечаным расейска-беларускаму сяброўству. Летась у кастрычніку ананімны творца дамаляваў у вянку дзяўчынкі і букеце хлопчыка калючы дрот. 4-га красавіка Алега Ларычава жорстка збілі невядомыя ў падʼезде ягонага дому. Дагэтуль нападнікаў не знайшлі.

Дзейнасць стрыт-мастакоў усё больш раздражняе ўлады краіны

Усё часцей у сталіцы можна ўбачыць постэры з выявамі беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў. Адзін з іх, з міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам, не можа пакінуць абыякавым. Не выключана, што затрыманне графіцістаў і сённяшні судовы разбор былі звычайнаю помстаю. Як паведамілі Алегу Ларычаву амапаўцы ў прыватнай размове, ён абразіў галоўнага міліцыянта краіны.

Ян Бабіцкі, «Белсат»