Міліцыя спрабуе замяць справу збітага да смерці бізнесоўца?


Сваякі і сябры памерлага берасцейца Андрэя Тарасенкі дасюль шакаваныя тым, што адбылося 29-га красавіка. Маўляў, у такое немагчыма паверыць.

Дактары ўжо зрабілі Андрэя алкаголікам

Паводле іхных высноваў, 32-гадовы мужчына памёр ад пнеўманіі, выкліканай злоўжываннем алкаголем. Сваякі ды сябры памерлага берасцейца абураныя – яны перакананыя, што Андрэй пайшоў з жыцця пасля цяжкіх пабояў, якія атрымаў у пастарунку міліцыі.

«Яны схавалі, што ў яго было зламанае рабро і прабітае лёгкае. Яны нам пра гэта не кажуць, у заключэнні дактароў гэтага няма», – даводзіць Таццяна Мельнічук, маці Андрэя.

Як адбываліся трагічныя падзеі

23-га красавіка з міні-кавярні «На Ясеневай» Андрэя Тарасенку забралі ў апорны пункт. Паводле версіі міліцыі, падставаю была бойка з ягоным удзелам. Са словаў сведкаў, мужчына быў нецвярозы, чапляўся да некаторых кліентаў, але ніякай бойкі не было. Андрэй на момант затрымання не меў цялесных пашкоджанняў. У міліцэйскую машыну ён сеў сам, без супраціву. Дакладна вядома, і пра гэта сведчаць дактары, што збітага Тарасенку забрала хуткая ўжо з пастарунку міліцыі.

«Яму балела ўсё. Да жывата ён не даваў дакрануцца, грудзіна балела. Боль быў», – распавяла «Белсату» доктарка Марына Ільчанка.

Новыя пытанні выклікаюць падзеі, якія адбываліся ў кавярні «На Ясеневай» цягам наступных дзён.

«Прыходзіла міліцыя і сказала, што ён не жылец, што ў яго зламаная рабрына і прабітае лёгкае. Ягоная мама сказала: адкуль яны маглі ведаць, калі ён не звяртаўся да дактароў?», – кажа сведка інцыдэнту Таццяна.

І сапраўды. Па дапамогу да дактароў Андрэй Тарасенка звярнуўся толькі праз тыдзень. У дзень затрымання ды імавернага збівання ён адмовіўся ад даследаванняў і шпіталізацыі.

Адкуль пра зламаную рабрыну ведала міліцыя?

Гэта пакуль не ясна. Са словаў сваякоў памерлага, ніякай інфармацыі пра расследаванне ім не даюць. На сёння вядома, што крымінальнай справы пакуль не завялі. Следчы камітэт Берасцейскай вобласці афіцыйна паведаміў, што адмысловае правяранне падоўжылі яшчэ на месяц.

Ці дачакаюцца сваякі Андрэя справядлівасці?

У Беларусі такія справы пераважна замятаюць пад дыван. Аднак ёсць і выключэнні. Днямі стала вядома, што ў Ветцы начальнік мясцовага РАУС быў звольнены з працы за тое, што ўдарыў падлетка. Паводле гэтага факту распачатая крымінальная справа.

Тое, што ў такіх справах не бывае дыму без агню, пацвярджаюць іншыя падзеі. Як высвятляецца, інфармацыя пра жорсткасць у берасцейскай міліцыі не новая. У траўні пасля візіту ў кавярні ў шпіталі з цяжкімі пабоямі апынуліся берасцейцы Аляксандр Зехаў і Сяргей Каляда. Яны сцвярджаюць, што былі збітыя міліцыянтамі ў апорным пункце.

Ян Бабіцкі, «Белсат»