Міліцыя пераследуе пенсіянерку, якая хацела сустрэцца з Качанавай


Пенсіянерка Любоў Санкевіч, якая спрабавала прабіцца на прыём у адміністрацыю Лукашэнкі, не толькі не сустрэлася з кіраўніцай установы, але і была затрыманая ў родным Бабруйску.

Доўга чакала сустрэчы з высокай чыноўніцай. У выніку ні сустрэчы, ні развязання праблемы, затое спатканне з міліцыянтамі і размова ў пастарунку. Гэта гісторыя вяртання пенсіянеркі Любові Санкевіч з Менску ў Бабруйск. У аддзяленні яе трымалі пасля 10-й вечара.

«Ён тады пачаў мяне дапытваць, як кажу: я не буду адказваць. І я не адказвала. Пасля мне дрэнна стала, я папрасіла выклікаць хуткую. Ён не выклікаў, ён увогуле маўчаў», – кажа Любоў Санкевіч.

У выніку жанчына сама выклікала лекараў, з гіпертанічным крызам яе адвезлі ў шпіталь. Чаму ж бабруйская міліцыя ўвогуле зачапіла пенсіянерку? Праваахоўнікам не спадабалася прысутнасць Санкевіч на пратэставай акцыі ў Менску.

«Сёння я тут, бо прыйшла на прыём да Качанавай, учора я пазваніла да Качанавай там сказалі, што будзе прыём, спісы гатовыя. Мы прыязджаем, пяць чалавек нас, а тут аказваецца, што Качанава паехала ў Старыя Дарогі!», – распавядае Любоў Санкевіч.

А гэтага прыёму ў кіраўніцы адміністрацыі прэзідэнта Санкевіч і іншыя чальцы грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» чакалі не адзін месяц. Спадарыня Любоў ужо 16 гадоў змагаецца супраць несправядлівага звальнення.

«Як бухгалтар пачала ўскрываць парушэнні на сваім прадпрыемстве. Чым гэта скончылася? Яе проста звольнілі. З добрага бухгалтара, у якога адныя падзякі, яна пераўтварылася ў злоснага парушальніка працоўнай дысцыпліны», – кажа юрыст ініцыятывы «Супраць беззаконія ў судах і пракуратуры» Тамара Сяргей.

Напачатку года, пасля першай сустрэчы з Наталляй Качанавай, Любоў Санкевіч атрымала надзею, што шматгадовае змаганне ўсё ж такі скончыцца. Але цяпер пенсіянерка ўпэўненая, што тады былі толькі словы. Усе дакументы з адміністрацыі ў выніку скіравалі ў тыя ж суды, на якія жанчына і паскардзілася чыноўніцы. Горкай іроніяй для тых, хто ўчора не дачакаўся сустрэчы з Качанавай у сталіцы, гучалі ейныя словы ў Старых дарогах.

«Калі ты кіраўнік такога рангу, як старшыня гар- ці райвыканкаму, то, нягледзячы на асабісты час, на настрой, ты мусіш выслухаць чалавека і дапамагчы яму… Каб чалавек разумеў: ён звярнуўся да ўлады – і ўлада яго пачула», – казала Качанава.

Пачула, ці зрабіла выгляд, што пачула?

Жыхары Менску кажуць:

«Яны ў першую чаргу вырашаюць свае справы, а да людзей ім як бачым няма справы».

«Калі дзяржава плюе ў прынцыпе на меркаванне грамадства, чаму яно мусіць ставіцца ўважліва да меркавання асобнага чалавека».

«На выхадзе – нуль, затое хаця б сама працэдура… Звярнуўся 50 разоў – і ўсё, паміраць ужо час».

І калі не памерці ў пошуках справядлівасці, то здароўе актыўным грамадзянам гэтая цяганіна дакладна псуе. Сёння міліцыянты выследзілі Любоў Санкевіч на вуліцах Бабруйску і прапанавалі зноў праехаць у пастарунак.

«За што вы атрымалі палкоўніцкія пагоны? За што? За тое што ваюеце з пенсіянерамі?», – пытаецца Санкевіч.

 

Таццяна Рэут, belsat.eu; фота – babruysk.by