Аб'ектыў 21.07.2017 Міліцыя хоча забараніць беларускіх ют’юб-блогераў


Схапілі, збівалі, прыкавалі кайданкамі да дрэва, пасля запіхнулі ў машыну і павезлі ў невядомым кірунку. Гэтак выглядала міліцэйская расправа над незалежным журналістам Кастусём Жукоўскім у Гомлі.

Інцыдэнт адбыўся пасля суду над блогерам Максімам Філіповічам

Прычына нападу зразумелая: дзякуючы працы Кастуся Жукоўскага і ягонага напарніка грамадскасць магла б даведацца, як праходзіць іншая, планаваная міліцыяй, расправа над чалавекам, які таксама распаўсюджваў невыгодную інфармацыю.

Гэтак было да судовага разбірання. Яго пачатак у судзе Савецкага раёну Гомля аказаўся таксама надзвычай напружаны. Суддзя Каўбеня адхіліў усе хадайніцтвы Максіма Філіповіча, пасля пачаў выдаляць з залы незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў. У другой палове дня пасля выступу прадстаўніка райвыканкаму агаласілі рашэнне: у дзеяннях Максіма Філіповіча няма складу правапарушэння.

Справа Максіма Філіповіча магла стаць небяспечным прэцэдэнтам

У сістэме пераследу кожнага, хто наважыцца крытыкаваць уладу, маглі апынуцца ўсе. Блогер з Гомля стварыў на «Ют’юбе» адмысловы канал пад назваю «Гарантий нет». У ім абмяркоўваліся балючыя для грамадства тэмы.

Міліцыянты ў пратаколе адзначылі, што з увагі на папулярнасць праекту Філіповіч фактычна падмяніў дзяржаўныя медыі ў фармаванні грамадскай думкі. Да таго ж не зарэгістраваў свайго каналу відэапаведамленняў, чым парушыў закон аб медыях. З такою трактоўкай з пачатку не пагаджаліся праваабаронцы.

Такую пазіцыю падтрымаў і прысутны на судзе эксперт з аблвыканкаму, што, імаверна, і паўплывала на рашэнне суда.

Чаму Маскімам Філіповічам гэтак зацікавілася міліцыя?

Яшчэ да нядаўна пра ягоную дзейнасць у Беларусі мала хто ведаў. Папулярнасць у сацыяльных сетках ён атрымаў на хвалі пратэстаў супраць дарамаедаўскага дэкрэту, пад дзеянне якога трапіў сам. Гэтак званы беспрацоўны дармаед, раней далёкі ад палітычнай і грамадскай дзейнасці, стаў актыўна публікаваць відэаматэрыялы з удзелам абураных беларусаў. За ўдзел у акцыях неаднойчы быў пакараны адміністратыўнымі арыштамі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары