Міліцыя гадамі шукала кампрамат на прафсаюз РЭП


Мы працягваем сачыць за судовым працэсам над лідарамі незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам.

Ажыятажу меней, чым у першы дзень працэсу, але ўсцяж абвінавачаныя – у вышыванках, а група падтрымання – ад лібералаў да камуністаў.

Суд – на этапе праслухоўвання сведак. Але пакуль інфармацыя ад іх датычыць розных гадоў дзейнасці прафсаюзу, але не 2011–12-га, якія фігуруюць у абвінавачанні.

Сярод сведак – чальцы РЭП і прадстаўнікі кіроўных органаў іншых незалежных прафсаюзаў. Работнік МАЗу, спадар Уладзімір, толькі 3 гады таму далучыўся да арганізацыі, але ў выніку мусіць сведчыць.

«Ці аказваў мне прафсаюз нейкую матэрыяльную дапамогу, ці выконваў я нейкія даручэнні. Вось такія пытанні», – кажа сведка Уладзімір Кандратовіч.

«Бклсат»: «І многа было такіх, як вы?».

Кандратовіч: «Мне сам следчы сказаў, што ў яго такіх 300 чалавек».

Асноўныя пытанні пракурора да сведак датычаць агулам працы прафсаюзу, схіляючы суд прызнаць, што сяброўскіх складак было недастаткова для дзейнасці, і РЭП карыстаўся з замежнай фінансавай дапамогі. З сотняў апытаных следчыя спрабавалі выцягнуць хоць які факт перадавання грошай.

«Дык гэта сусветная практыка: ёсць чальцы, якія плацяць і якія не плацяць складкі. У нас сярэдняя лічба такая, што яна дазваляе ўтрымліваць кватэру ці камунальныя плацяжы, мо зарплату – і ўсё», – распавядае Алег Падалінскі, сведка (Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў).

Але і факт такой дапамогі трэба даказаць, а тым больш нявыплату ад яе падаткаў. З матэрыялаў справы вынікае, што следчыя летась праслухоўвалі тэлефоны Фядыніча і Комліка прынамсі цягам 2-х месяцаў. Калі дадаць прызнанне ў першы дзень працэсу былой сакратаркі РЭП у супрацы з КДБ, дык вынікае, што адразу некалькі буйных праваахоўных ведамстваў гадамі шукалі ў дзейнасці прафсаюзу парушэнні.

«Пакуль мы бачым набор разрозненых фактаў, якія не маюць дачынення да нейкай проціпраўнай дзейнасці, а датычаць нейкіх бытавых справаў», – кажа Андрэй Бандарэнка, праваабаронца («Платформа»).

Даследаваннем якіх займаліся дзясяткі праваахоўнікаў. Натуральна, за нашыя падаткі.

Пакуль няясна самае галоўнае: адкуль у абвінавачанні да прафсаюзных лідараў – сума 17 тысяч долараў? За 3 дні паседжанняў у судзе не прагучала аніводнага факту ці сведчання пра парушэнні закону 7 гадоў таму. А таму бліжэйшым часам нас чакае змена фармулёўкі абвінавачання. Або пракурор усё ж падасць нейкі каронны дакумент.

Алесь Залеўскі, «Белсат»