Аб'ектыў 06.10.2017 Міліцыя адпусціла забойцу і пакрывае яго злачынствы?


«Сядзеў бацька. Я сышоў, яго зачыніў. Калі вярнуўся, замок ужо быў збіты…»…

Пра трагедыю, што адбылася ўвесну, тут дагэтуль нагадвае ўсё. 29-га сакавіка жыхар вёскі Велясніца Віктар Роля застаўся адзін у хаце, пакуль ягоныя жонка і сын працавалі на гаспадарстве.

«Чую такі хрыплы ледзь-ледзь голас: «Люба» Я паглядзела на ганак, бачу гаспадар стаіць, трымаючыся за парэнчы, і кліча мяне. Я бягом да яго, падбягаю, а ён увесь крыві», – кажа жонка памерлага Любоў Роля.

Васіль Роля паспеў паведаміць жонцы, што злачынца ў хаце. «Першыя і апошнія словы. Усё, ён у мяне на руках памёр», – дадае жанчына.

Далей падзеі разгортваліся імкліва

На крык маці прыбег сын, які адразу накіраваўся ў хату. «Я забег у дом. Ён сядзеў на крэсле, на якім, калі я сыходзіў, бацька сядзеў», – распавядае пра злачынцу Віктар.

Са словаў сына, нападнік заявіў, што пабіў ягонага бацьку і пабʼе яго. А пасля пацягнуўся за нажом. Ад яго сыходзіў моцны пах алкаголю.

«Я пабачыў, што ён цягнецца, выкінуў яго, але калі выкідваў гэты нож, павярнуўся спінаю, у гэты момант ён мяне схапіў за шыю і пачаў душыць», – распавядае мужчына.

Віктар Роля, у адрозненні ад свайго бацькі – інваліда зроку – здолеў абараніцца і затрымаць злачынцу да прыезду міліцыі.

Праваахоўнікі зʼявіліся позна і паводзілі сябе дзіўна

«З першых хвілінаў нібы спрабавалі схаваць гэтае злачынства. Таму што яны не знялі ўсіх доказаў. Адмовіліся ўзяць замок», – звяртае ўвагу Любоў.

Але найбольшым шокам сталі вынікі судовай экспертызы. У ёй сцвярджаецца, што смерць наступіла ў выніку вострай сардэчнай нястачы, абумоўленай ішэмічнай хваробай сэрца. Пры гэтым пералічваюцца шматлікія цялесныя пашкоджанні: раны галавы, пералом насавой косткі, кровазліццё ў некалькі месцах. Якія, аднак, згодна з высновамі судмедэкспертаў, маюць характар «лёгкіх» і не маглі прывесці да смерці.

«Паколькі ёсць падставы меркаваць, што гэта цяжкія цялесныя пашкоджанні, то канешне, калі эксперты робяць адназначную выснову, што яны не маюць прычынна-следчай сувязі са смерцю, гэта выклікае пэўныя сумневы ў непрадузятасці саміх экспертаў», – каментуе справу праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

На падставе экспертызы міліцыя не распачала крымінальнай справы

Чалавек, які збіў пенсіянера, цяпер на волі. Не згодныя з гэтым сваякі накіравалі зварот у Следчы камітэт, які цяпер займаецца правяраннем.

Пакуль жа акалічнасці смерці пенсіянера нагадваюць праваабаронцам гучную справу Ігара Пцічкіна, які 4 гады таму памёр у менскім следчым ізалятары № 1. На ягоным целе таксама былі шматлікія сляды збіцця, але экспертыза заявіла, што 21-гадовы хлопец памёр у выніку вострай сардэчнай нястачы.

Віктар і Любоў Ролі спадзяюцца на іншы фінал у сваёй справе. Больш як паўгода гэтыя людзі жывуць у штодзённым кашмары. Яны дагэтуль не пахавалі цела свайго бацькі і мужа. А разам з гэтым і надзеі на правасуддзе.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары