Міліцыя адпомсціла жанчыне за відэа з бязмежжам сілавікоў


Br 230 – немалая сума. Асабліва калі гэта штраф за неабыякавасць да міліцэйскай жорсткасці. Людмілу Сінюк аштрафавалі за відэа, знятае 27-га траўня ў сталічным метро, калі міліцыянты жорстка затрымлівалі маладога мужчыну.

Аштрафавалі за лаянку

Сапраўды, на відэа чуваць колькі нецэнзурных словаў, сказаных Людмілаю праз эмоцыі. Але гэта не свядомае правапарушэнне, адзначае праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які запрапанаваў Людміле Сінюк юрыдычную дапамогу. Жанчына проста не магла спакойна глядзець, як міліцыянты збіваюць затрыманага чалавека.

«Чаму працаўнікі міліцыі не маглі проста ўжыць спецсродкі ў выглядзе кайданак і на гэтым скончыць затрыманне, а працягвалі цынічна і метадычна яго збіваць?», – кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, маладзён у стане алкагольнага атручання падчас затрымання зламаў міліцыянту нос. Супраць затрыманага распачалі крымінальную справу, артыкул – ґвалт або пагроза ґвалту адносна міліцыянта. Да 6-ці гадоў турмы.

Сілавікі часта злоўжываюць уладаю

Міліцыянты збіваюць людзей падчас затрыманняў, і ў метро, і на вуліцах, і ў пастарунках. Ад збіцця гумавымі дручкамі і катаванняў людзі нават паміраюць – як мінімум два такія выпадкі былі ў Берасці. Інтэрнэт поўны відэа, у пракуратурах ляжаць заявы, але марна. Асабіста Ігар Шуневіч абараняе сваіх падначаленых і лічыць паведамленні пра міліцэйскую жорсткасць інфармацыйнаю вайною супраць міністэрства.

Парадокс, але сёлета міністр унутраных справаў нават атрымаў ад Нацыянальнага сходу грамату за ўмацаванне правоў і свабодаў грамадзянаў. Беспасярэдні начальнік Шуневіча – Аляксандр Лукашэнка – таксама не бачыць праблемаў між міліцыяй і народам. Галоўнае, што міністр гатовы выканаць любы ягоны загад.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»