Міліцэйскае бязмежжа ў Фаніпалі: маладзёна білі і смяяліся


Выходзіў разам з жонкаю з прадуктовай крамы, невядомы малады чалавек пачаў правакаваць бойку, міліцыя заўважыла ды затрымала. Што праўда, чамусьці толькі ахвяру, а не правакатара. Гэтак апісвае падзеі 9 траўня, Сяргей Ткачэнка, жыхар гораду Фаніпаль, што ў Дзяржынскім раёне. Маладзён не хавае: з нагоды Дня перамогі ўжываў алкаголь.

Ці чалавек на падпітку – гэта бяспраўны чалавек?

«Яны смяяліся, абражалі мяне і казалі што ім нічога за гэта не будзе, і маўляў ім усё можна», – узгадвае Сяргей Ткачэнка.

У фаніпальскам апорным пункце міліцыі Сяргей на абразы з боку гэтак званых «праваахоўнікаў» пачаў адказваць тым жа.

Псіхалагічныя здзекі перайшлі ў фізічныя

«Я сядзеў на стуле ў кайданках. Міліцыянт падышоў і скінуў мяне са стула. Я паваліўся і разбіў нас. Пачаў мяне збіваць, абражаць. Пры гэтым, ён прышпіліў мяне кайданкамі да маёй нагі і пачаў здзекавацца», – дзеліцца непрыемным успамінам пацярпелы Сяргей.

Судова-медычная экспертыза налічыла на целе Сяргея Ткачэнкі не менш за 26 траўматычных уздзеянняў. Сляды пабояў былі ўсюды: на твары, тулаве, руках і нагах. Законнасць дзеянняў фаніпальскай міліцыі праверыў следчы Дзяржынскага раённага аддзелу Следчага камітэту спадар Апалонік, які апытаў пацярпелага, самых міліцыянтаў ды вынес пастанову: «у завядзенні крымінальнай справы па факце збіцця – адмовіць».

Следчы ж камітэт паведаміў, што ў выніку расследавання аказалася, што «да апошняга фізічная сіла не ўжывалася, якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў ніхто грамадзяніну Ткачэнку не наносіў».

Відэазапісы з камераў назірання зніклі

Следчыя не дапыталі жонкі Сяргея Ткачэнкі, якая была беспасярэдняю сведкаю падзеяў: бо прысутнічала і падчас затрымання, і прыязджала ў апорны пункт. Яшчэ адзін цікавы факт: як патлумачылі пацярпеламу ў Следчым камітэце: запісы камераў відэаназірання, што месцяцца ў будынку міліцыі Фаніпалю, – нечакана зніклі. Людзі ж, якія на ўласныя вочы бачылі інцыдэнт, пабаяліся сведчыць супраць міліцыянтаў – цвердзіць жонка збітага.

Цяпер Сяргей Ткачэнка, пры дапамозе праваабаронцаў з цэнтру «Вясна», звярнуўся са скаргаю да начальніка Следчага камітэту па Дзяржынскім раёне, каб той паспрыяў паўнаце і справядлівасці разбіраня.

Антыгероямі ў навінах міліцыянты становяцца ўсё часцей

Месяц таму «Белсат» распавядаў пра Андрэя Тарасенку, якога, паводле сведчанняў родных, моцна збілі берасцейскія міліцыянты. Маладзён неўзабаве памёр. Афіцыйна, з прычыны пнеўманіі.

Яшчэ раней, у тым жа Берасці, двое маладзёнаў таксама звярнуліся да праваабаронцаў ды медыяў з аповедам пра збіццё ў міліцыі. Але і там следства пакуль не знайшло віны міліцыі.

Аднак, як цвердзяць праваабаронцы, звяртацца са скаргамі ды позвамі варта, бо толькі так можна навучыць міліцыю быць праваахоўнікамі, а не правапарушальнікамі. І ад скаргі аднаго залежыць, ці будзе незаконна збіты чарговы грамадзянін краіны.

Юрый Салодкі, «Белсат», фота spring96.org