Аб'ектыў 10.10.2017 Мілінкевіч пра візіт Лукашэнкі ў Брусель: Яму трэба ехаць


Еўразвяз выслаў афіцыйнае запрашэнне кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку на саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе 24-га лістапада ў Бруселі. Рашэнне, хто паедзе ў бельгійскую сталіцу, залежыць цяпер ад афіцыйнага Менску. Але, калі Аляксандр Лукашэнка прыме прапанову, гэта будзе хіба самы высокі рангам візіт беларускага кіраўніка ў Еўразвяз ад 96-га года.

Ацэнкі магчымасці такога візіту розныя

«Лічу, што яму варта ехаць, бо гэта працяг і развіццё тых адносінаў якія Брусель выбудоўвае з ім і беларускі МЗС з Еўразвязам», – мяркуе экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч.

«З пункту гледжання карысці геапалітычнай і эканамічнай для Лукашэнкі нямае сэнсу удзельнічаць у канферэнцыі усходняга партнёрства, таксама і таму, што гэта будзе служыць фактарам раздражнення Расеі», – даводзіць палітолаг Павал Усаў.

У расеі Усходняе партнёрства лічаць пагрозай інтарэсам Масквы

Але пасля Крымскіх падзеяў 2014-га афіцыйны Менск спрабуе весці яшчэ больш ураўнаважаную вонкавую палітыку. Хоць і раней Беларусь часцяком не азіралася на Расею. Так было з непрызнаннем самастойнасці Абхазіі і Асетыі, а пазней з Крымам, ці, да прыкладу з паездкай на інаўгурацыю ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі.

Што паездка Лукашэнкі ў Брусель азначала б для Беларусі?

«Для апазіцыі гэта будзе ўдар», – тлумачыць спадар Усаў. Раней менавіта апазіцыя была беларускім голасам у Еўрапейскіх структурах, пасля паездкі Лукашэнкі такая патрэба адпадзе, дадае эксперт.

«Гэта не паглыбляе ніякіх зменаў у Беларусі, не стварае ніякіх умоваў для сістэмных зменаў, нават для эканамічных зменаў беларускай гаспадаркі, не паляпшае жыццё звычайных грамадзянаў, гэты выключна для прэстыжу самога Лукашэнкі», – кажа палітолаг.

Ёсць і іншае меркаванне

«Гаварыць трэба пра тое, каб Беларусь інтэгравалася ў пэўныя Еўрапейскія працэсы. Эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, культурныя, гэта не для Лукашэнкі а для Беларусі. Размова ўжо, нялёгка, але ідзе», – зазначыў Мілінкевіч.

Застаецца пытанне маральнасці

Умовай зняцця еўрапейскіх санкцыяў з Беларусі была кампанія па лібералізацыі ўнутры краіны. Сёння ў Страсбуры, падчас паседжання парламенцкай асамблеі Рады Еўропы кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі канстатаваў – паляпшэння ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі няма. Тым не менш санкцыі прыпыненыя, а «апошні Еўрапейскі дыктатар», як яшчэ нядаўна называлі Лукашэнку, можа свабодна ехаць у Брусель.

«Гэта сведчыць пра тое, што ў Еўропы няма нармальнага прадуманага падыходу да краінаў з аўтарытарнымі рэжымамі», – упэўнены Павал Усаў.

«Захад можа памыляцца ў тым, што Лукашэнка стане праеўрапескім, што ён стане прадэмакратычным, думаю што гэта нерэальна. Але ў тым, што супрацоўніцтва будзе развівацца на карысць Беларусі і яе незалежнасці, не сумняюся», – не пагаджаецца з палітолагам Аляксандр Мілінкевіч.

Атрымліваецца, для аб’яднанай Еўропы, у якой сёння хапае сваіх уласных клопатаў, і для якой Лукашэнка больш не ёсць праблемным суседам нумар адзін, нашмат лягчэй з ім дамовіцца, чымся надалей з ім змагацца.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары