Мікола Статкевіч падвёў вынікі акцыі 8 верасня і анансаваў новы пратэст


Сілавікі не змаглі пакінуць без правакацыяў масавага мітынгу супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017».

Сёння ўдзельнікі паўтысячнай акцыі пратэсту ў сталіцы падводзяць вынікі ды рыхтуюць новыя дзеянні ў межах негвалтоўнага супраціву.

Ад Кастрычніцкай плошчы, дзе сабраліся ўдзельнікі акцыі, калона рушыла ў бок плошчы Перамогі. Ужо там адзін з арганізатараў пратэсту, Мікола Статкевіч, звярнуўся да ўсіх са словамі сімвалічнай прысягі свабоды. Тамсама, звяртаючыся да ўдзельнікаў, Статкевіч анансаваў наступную акцыю, якая мае адбыцца 20 кастрычніка і будзе называцца «Марш абураных беларусаў 2.0».

«Я хачу сказаць дзякуй тым людзям, хто ўчора дзве гадзіны пад дажджом у цэнтры Менску паказвалі сваю рашучасць супрацьстаяць імперскім пагрозам. А таксама тым, хто выходзіў на акцыі ў чэрвені і ліпені. Дзякуючы такім людзям нашая краіна можа застацца», – кажа наконт учорашняга мітынгу і шэсця Мікола Статкевіч.

Міліцыя і працаўнікі сілавых структураў правядзенню акцыі не перашкаджалі, традыцыйна фіксуючы ўсё на відэакамеры. Але пасля мітынгу была затрыманая актывістка Ніна Багінская, якая несла дамоў вялікі бел-чырвона-белы сцяг, што падчас акцыі трымалі яе ўдзельнікі. Пасля затрымання грамадскай актывісткі ды канфіскацыі сцяга, а фактычна яго выкрадання Багінская была вымушаная звярнуцца да лекараў. Пры гэтым сцяг сканфіскавалі на падставе таго, што на ім, нібыта, былі ганебныя надпісы.

«Я вяртаюся сабе дамоў і думаю, сцягу няма, палец я адчуваю пухне, боль у шыі, думаю ў пору не да хаты ісці, а ў 19-ую паліклініку на асведчанне ў траўмапункт», – распавядае Ніна Багінская.

Удзельнікі акцыі 8 верасня адзначылі і Дзень беларускай вайсковай славы, легендарную перамогу пад Воршаю войска Вялікага княства Літоўскага над войскам Масквы. Падзеі гісторыі перагукаюцца і з сённяшнім парадкам дня, кажуць удзельнікі акцыі.

«Я сёння сюды прыйшоў, бо ў маім жыцці ўжо была адна акупацыя. Гэтыя новыя, якія прыходзяць, яны нічым не лепш за тых, якія тут былі, якія на гэтых вуліцах пыталіся «аўсвайс». Я не ведаю, як будуць рабіць новыя прыхадні, але гэта таксама будуць прыхадні», – патлумачыў сваю матывацыю далучыцца да пратэсту пісьменнік Уладзімір Халіп.

Вучэнні «Захад-2017» афіцыйна маюць абарончы характар, колькасць расейскіх вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі складзе каля 3 тыс. чалавек. Але, паводле назіральнікаў, паралельна з беларускім «Захадам» Расея на сваёй тэрыторыі можа правесці манеўры, колькасць вайскоўцаў у якіх перасягне 100 тыс. чалавек, і расейскія ўнутраныя манеўры могуць мець зусім не абарончы характар.

Глядзіце таксама:

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu