Аб'ектыў 13.12.2017 Мікалай Лукашэнка – найлепшы хакеіст?


«Грыфоны» – амаль зноўку чэмпіёны! Хакейная каманда Цэнтральнага раёну Менску ўпэўнена выгуляла гарадскія адборачныя спаборніцтвы ў старэйшай узроставай групе рэспубліканскага турніру сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба», скончыўшы паядынак з камандаю «Мядзведзь» з лікам 3:1 на сваю карысць. Найлепшым нападнікам турніру прызналі малодшага сына кіраўніка дзяржавы Мікалая Лукашэнку з дружыны «Грыфонаў».

«Па словах Дзмітрыя Баскава, які быў першым трэнерам Мікалая Лукашэнкі і цяпер ён ужо дырэктар спецыялізаванай дзіцячай школы Алімпійскага рэзерву «Дынама», у Мікалая няўступлівы характар, ён таленавіты: займаецца два разы на тыдзень, а гуляе лепш і магутней, чым тыя, хто займаецца па пяць-шэсць разоў на тыдзень», – распавядае Алесь Пуціла, спартовы аглядальнік «Белсату».

Хто сумняецца, што Коля пераможа?

Пераможцу рэспубліканскага турніру вызначаць у фінале ўжо 3–7-га студзеня ў часе Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакею. Што праўда, інтрыга – так сабе, улічваючы, што ўжо каторы год «залатыя шайбы» дастаюцца камандзе Колі Лукашэнкі.

Між тым, пакуль малодшы і старэйшы Лукашэнкі, якія абодва выступаюць на лёдзе пад першым нумарам, стабільна перамагаюць у аматарскіх спаборніцтвах, агулам айчынны хакей гэткаю паспяховасцю пахваліцца не можа. І гэта нягледзячы на вялізныя сродкі, якія ўбухваюцца ў гэты від спорту ды больш як паўсотні лядовых палацаў па ўсёй краіне.

«У нас для хакея не створаныя ўмовы ані фінансавыя, ані кадравыя. І іх няма і ніколі не будзе – нават з прыняццем хоць якіх праграмаў па развіцці хакею ў Беларусі. Таму што Гэта неўласцівы нам від спорту. І мы павінны прыняць гэта і зразумець, што не павінны выдзяляцца такія вялікія грошы на від спорту, які дарагі і сапраўды нам не ўласцівы», – упэўнены Алесь Пуціла.

А тады і шанцаў заваяваць спартовае золата паболее і ў тых беларускіх дзяцей, якія не гуляюцца залатымі пісталетамі.

Валер Руселік, «Белсат», фота: Віктар Талочка / Sputnik

Глядзі таксама
Каментары