Мэр Екацярынбургу далучыўся да пратэстаў у Расеі


Па ўсёй Расеі пракацілася хваля пратэстаў. У Маскве, Санкт-Пецярбурзе і ў шэрагу іншых гарадоў улады не дазволілі акцыяў – больш за 250 чалавек затрыманыя.

Сярод затрыманых – і арганізатар пратэстаў, аўтар антыкарупцыйных расследаванняў Аляксей Навальны, якога не зарэгістравалі кандыдатам на прэзідэнта. Паліцыя затрымала апазіцыянера проста на вуліцы, калі той ішоў на скліканую ім акцыю пратэсту пад назвай «Страйк выбарнікаў». Літаральна перад затрыманнем паліцыянты ўварваліся ў офіс Фонду барацьбы з карупцыяй – маўляў, нехта паведаміў пра «бомбу».

Між тым, акцыі ў падтрыманне байкоту выбараў адбыліся ў 118 гарадах Расеі. Першым, адпаведна з гадзіннікавым поясам, выйшаў Уладзівасток.

Людзей не спынялі ані засцярогі ўлады, ані кепскае надвор’е. Гэтак у Новасібірску тэмпература даходзіла да мінус дваццаці шасці градусаў.

«У мяне ледзь-ледзь варушацца сківіцы. Мне складана раскрываць шырока рот. Але прайшло цудоўна. Пры такім надворʼі прыйшло вельмі шмат людзей, на маю думку, тут было не менш за 5-6 сотняў чалавек», – кажа валанцёр штабу Навальнага Антон Картавін.

«У мяне не было сёння выбару, каб застацца дома. Бо ў нас няма выбару на гэтых выбарах», – дадае валанцёр Станіслаў Хадарын.

У Екацярынбургу пратэст не толькі дазволілі, але на яго нават прыйшоў мэр гораду Яўген Ройзман, які выступіў перад удзельнікамі акцыі.

«Дэмакратычныя выбары – гэта аснова дэмакратычнай дзяржавы. Гэта магчымасць публічнай рэвізіі памылак, магчымасць канкурэнцыі, магчымасць проста абнаўлення дзяржавы, – заявіў Ройзман. – Тое, што нам зараз прапаноўваюць, гэта не выбары. І ўдзельнічаць у гэтым нельга».

Найбольш масавыя затрыманні прайшлі ў Чэбаксарах і Уфе – у кожным горадзе па некалькі дзясяткаў чалавек. На недазволеныя ўладамі «страйкі выбарнікаў» у Маскве і Санкт-Пецярбурзе выйшлі ад адной да дзвюх тысячаў чалавек.

«Працуюць тры штабы – гэта штаб Навальнага, штат «Адкрытай Расеі», група дапамогі затрыманым. Мы заранёў дамовіліся пра камунікацыю. У нас ёсць юрысты, ёсць, валанцёры, якія паедуць у аддзелы паліцыі», – распавёў Андрэй Півавараў з Партыі народнай свабоды (Парнас).

Прэзідэнцкія выбары ў Расеі прызначаныя на 18 сакавіка. Акурат у гэты дзень выпадзе таксама чацвёртая гадавіна анексіі Крыму.

Вітаўт Сіўчык