Менскі завод будматэрыялаў зрабілі банкрутам пасля мадэрнізацыі


Закончылі мадэрнізацыю і… збанкрутавалі. Адзін з галоўных вытворцаў цэглы ў Беларусі ўжо больш як паўгода стаіць без працы.

Сёння працаўнікі прадпрыемства сабраліся на сход і выставілі патрабаванні дырэктару Радашковіцкага заводу, да якога быў далучаны іх Менскі.

Новая вытворчасць

З 2008 па 2015 год завод прайшоў праз маштабную мадэрнізацыю, але сёлета патрапіў пад працэдуру банкруцтва.

«Шэсць гадоў таму мы паставілі нямецкую лінію, паўтары гады таму – французскую лінію. Такія грошы туды ўбухалі. І вось цяпер мы стаім», – кажа працаўнік заводу.

З 2013-га колькасць працаўнікоў скарацілася ўдвая

Тыя, хто засталіся, не працуюць, атрымліваючы дзве траціны акладу. Кіраўніцтва перспектыў ня бачыць.

«Сітуацыя на прадпрыемстве цяжкая і запусціць яго і працаваць, на сённяшні дзень, не ўяўляецца магчымым», – суха распавёў Алег Мішчанка, дырэктар МЗБМ..

Некаторыя прадстаўнікі працоўнага калектыву вінавацяць дырэктара Радашковіцкага заводу, таксама дзяржаўнага, да якога быў далучаны Менскі, у тым, што ён губіць сталічную вытворчасць, каб уратаваць свой галоўны актыў у Радашковічах.

«Прыйшоў новы дырэктар прадпрыемства і ён сказаў, што завод я запускаць не буду, а людзям масава не працягваюць кантракты», – засведчыў машыніст Аляксандр Пархімчык.

Сам спадар Мішчанка кажа, што запусціць Менскі завод яму не даюць крэдыторы, якія дасталіся яму ў спадчыну ад мінулага кіраўніцтва.

Кіраўніцтва абяцае зрабіць што можа, каб дапамагчы звольненым

«Мы дамовіліся, што арганізуем нейкі кірмаш вакансіяў на базе прадпрыемства для таго, каб забяспечыць працай людзей», – запэўніваў спадар Мішчанка.

Працаўнікі, да перспектываў новай працы ставяцца скептычна. Што рабіць у гэтай сітуацыі людзям? Афіцыйныя прафсаюзы свой каментар не далі. Незалежныя ж даводзяць, што беларускае заканадаўства ставіць працоўных у бяспраўны стан і раяць ім самаарганізаоўвацца, абяцаючы кансультатыўную ды іншую дапамогу.

Прафсаюзы канстатуюць, што вялікая колькасць буйных дзяржаўных прадпрыемстваў знаходзіцца ў той жа сітуацыі, што і Менскі завод будаўнічых матэрыялаў і працягваюць працаваць толькі дзякуючы маштабнай дзяржаўнай падтрымцы. Гэтак, МАЗ атрымае сёлета чарговыя $ 500 млн. Але, папярэджваюць прафсаюзы, сродкаў для гэтай падтрымкі ва ўраду штогод усё больш бракуе.

Станіслаў Івашкевіч, Менск