Аб'ектыў 05.01.2017 Менскі суд за падтрыманне «Белсату» аштрафаваў актывістаў на вялікія сумы


У судзе Ленінскага раёну Менску судовы канвеер стартаваў з самай раніцы. Прадстаўнікі беларускай Феміды гэтым разам разглядалі адміністратыўныя справы кіраўніка Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, сустаршыні аргкамітэту ў стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца і старшыні абʼяднання «Альтэрнатыва» Алега Корбана.

«Я крыху спазніўся на судовае паседжанне, але яны вырашылі яго аператыўна зладзіць. Я прыйшоў і мне акурат апавясцілі, што, згодна з пастановаю, я мушу сплаціць 50 базавых», – распавёў спадар Корбан.

Штрафы памерам Br 1 150

Пратаколы склалі паводле артыкулу «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

«За праўду даюць 50 базавых, калі чалавек, умоўна кажучы, спраўляў патрэбу ў двары – 1-2 базавыя. Бачым кошт дэмакратыі, кошт правасуддзя ў Беларусі». – кажа Павал Севярынец.

Судовыя разбіранні праходзілі з грубымі парушэннямі

Хадайніцтвы Анатоля Лябедзькі далучыць да доказнай базы відэаматэрыялы адхіліў суддзя Камушкін. Пасля ў якасці сведкаў выступілі працаўнікі АМАПу.

«Міліцыянты ў першыню на маю памяць пачалі чытаць па паперцы свае паказанні. Гэта вельмі дзіўна. Калі ім задавалі пытанні, яны ў поўнай разгубленасці не ведалі як адказваць», – звяртае ўвагу былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Сённяшнія суды ператварыліся ў акцыі недаверу суда

«Гэта недавер не Анатоля Лябедзькі, як грамадзяніна, а ўсяго народу. Калі 95 % людзей гавораць, што не давяраюць судовай сістэме, то гэта моцны аргумент», – упэўнены лідар Анатоль Лябедзька.

«Я папрасіў і суддзю, і сакратарку, і міліцыянта пісаць рапарт на звальненне з гэтых органаў, бо гэта абсалютна відавочнае беззаконне», – узгадвае Севярынец.

Як адбывалася акцыя

Фармальнаю падставаю да пратаколаў судоў і штрафаў стаў пікет, які адбыўся каля адміністрацыі прэзідэнта ў Менску летась дваццатага снежня. Такім чынам удзельнікі акцыі вырашылі падтрымаць адзіны на свеце беларускамоўны тэлеканал, якому пагражае закрыццё. Пікетоўцы перадалі ў прыёмную патрабаванне спыніць трансляванне расейскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў, а таксама ўключыць «Белсат» у сетку транслявання ды акрэдытаваць усіх яго журналістаў.

Тое, што акцыя не пройдзе без увагі ўладаў, было вядома з пачатку. За кожную акцыю пратэсту летась грамадскія актывісты і палітыкі прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці дзясяткі разоў.

Каманда «фас» – крэда беларускіх судоў

«Тое, што ў Беларусі суддзяў прызначае прэзідэнт прыводзіць да таго, што фактычна ўсе суды сталі залежныя і дзейнічаюць па камандзе», – даводзіць Міхаіл Пастухоў.

Да акцыяў салідарнасці з «Белсатам» далучыліся вядомыя палітыкі і грамадскія актывісты Беларусі. Незалежны беларускамоўны канал асвятляе падзеі, даведацца пра якія з праўладнага тэлебачання, вядома, немагчыма.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары