Аб'ектыў 14.01.2018 Менскае «Юнацтва» перамагла брытанскі «Шэфілд Стылерз» у Кантынентальным кубке


Біятлон

Пяты этап Кубка свету па біятлоне ў нямецкім Рупальдынґу скончыўся сёння двума масавымі стартамі. Спачатку на дыстанцыі 15 кіламетраў наймацнейшага выяўлялі мужчыны. Перамогу атрымаў нарвежац Ёганэс Бё, а далей адразу фінішавала трыа французаў: Мартэн Фуркад, Антанэн Гігана і Кантэн Фіён Мае. Традыцыйна беларускія лыжнікі са стрэльбаю у масстарт не адабраліся.

Затым ужо дыстанцыю 12 з паловаю кіламетраў скарала прыгожая палова. Гонка атрымалася дынамічнаю з драматычным развязаннем. Дар’я Домрачава большую палову лідаравала, і калі яшчэ адну хібу на першай стральбе стоячы беларуска сабе магла дазволіць, то дзве незакрытыя мішэні на апошнім рубяжы адразу адкінулі Дашу ў барацьбе за п’едэстал, а ў выніку яна заняла шосты радок. На апошняе кола нечакана лідаркай пайшла канадка Раўзана Крофард, аднак хуткасці да фінішу ёй не хапіла, а таму золата міжсобку разгулялі Ляўра Дальмаер і Кайса Мякярэйнэн. Яны па чарзе выходзілі наперад, аднак фінішны спурт і золата выгуляла фінская біятланістка, замкнула тройку чэшка Вэраніка Віткава. Беларуска Ірына Крыўко фінішавала 14-аю, а Надзея Скардзіна 16-аю.

Хакей

Сталічнае «Юнацтва» паказытала нервы сваім заўзятарам у другім матчы ў барацьбе за Кантынентальны кубак. На «Чыжоўка-арэне», дзе праходзіць суперфінальная серыя гэтага турніру, Міхаіл Захараў і кампанія не без праблемаў перамаглі брытанскі клуб «Шэфілд Стылерз» з лікам 5:4.

У першым тайме сталічная каманда мела значную перавагу ў атакоўных дзеяннях і лагічна павяла ў ліку 2:0, шайбы закідвалі Клэмэн Прэтнар і Андрэй Антонаў. Аднак яшчэ да перапынку госці раўнавагу аднавілі. У другой дваццаціхвілінцы каманды абмяняліся ўзяццямі брамы, а ў заключным перыядзе мы перамаглі ўжо 2:1. Прычым мінчане даціснулі суперніка толькі на 58-ай хвіліне матчу, калі атрымалі права згуляць у большасці, а колькасную перавагу рэалізаваў Міхноў. Галоўны трафей турніру аспрэчаць «Юнацтва» і казахстанскі «Номад», а трэцяе месца заняў «Шэфілд Стылерз», які быў мацнейшы за італьянскі «Рытэн спорт» 2:0. А некалькі хвілінаў таму стала вядома, што Кантынентальны кубак заваявала«Юнацтва», перагуляўшы «Номад»

Глядзі таксама
Каментары