Аб'ектыў 11.07.2018 Менск і Масква – на парозе аўтамабільнай вайны


Паміж Беларуссю і Расеяй можа разгарэцца аўтамабільная вайна. Як паведамляе расейскае выданне «Коммерсантъ», афіцыйны Менск можа заблакаваць вольны продаж расейскіх аўтамабіляў на тэрыторыі Еўразійскага саюзу, гэтак жа, як і Масква можа спыніць экспарт прадукцыі «БелДжы». У чым прычына і як гэта можа адбіцца на беларусах?

З 1-га ліпеня на прасторах Еўразійскага саюзу новае правіла адносна продажаў аўтаў. Мясцоваю вытворчасцю лічацца толькі тыя машыны, якія прынамсі напалову вырабленыя ў межах Мытнага саюзу.

Адмыслоўцы даўно папярэджвалі, што гэтае правіла можа заблакаваць экспарт у Расею вырабаў новага заводу «Белджы» – пад Барысавам, у які ўлады ўклалі больш за 150 мільёнаў долараў бюджэтных грошай. Яшчэ 90 мільёнаў даклалі кітайцы. Улады і кіраўніцтва «БелДжы» распрацавалі планы для глыбейшай лакалізацыі беларускіх «Geely», але да выканання гэтых планаў яшчэ далёка.

«Плануецца стварыць з кітайскімі кампаніямі супольныя прадпрыемствы па вытворчасці пярэдніх і задніх мастоў, сядзенняў», – заявіў на заводзе «БелДжы» Аляксандр Лукашэнка.

У выніку завод, які каштаваў дзяржаве крыху менш за гадавы рэспубліканскі бюджэт на медычную ахову насельніцтва, можа быць абмежаваны толькі беларускім рынкам, які забірае мізэрную долю ягонай прадукцыі. Але, як выявіла расейскае выданне «Коммерсантъ», пастанова можа ўдарыць не толькі па беларускім вытворцы: адзіны тамтэйшы вытворца, які запісаны ў рэестры дастаткова лакалізаваных аўтамабіляў, – гэта КамАЗ. Нават АўтаВАЗ, вытворцу «Лады», беларускія інспектары палічылі недастаткова мясцовай вытворчасцю, каб свабодна перасоўваць яго на рынках Мытнага саюзу.

«АўтаВАЗ фактычна кіруецца ўжо «Renault Nissan». Гэта ўжо ўмоўна расейскі вытворца, бо традыцыйна размяшчаецца ў Тальяці. Ну, і можа быць прычына нават у паперах, якія трэба сабраць і аддаць. То бок – у нейкай бюракратыі», – мяркуе Валянцін Лопан з Агенцтва дзелавых навінаў.

Хаця новыя правілы набылі моц ужо паўтара тыдня таму, удзельнікі рынку пакуль працуюць паводле старой схемы і чакаюць тлумачэння ўладаў. Міністэрствы гандлю Беларусі ды Расі своечасова на наш запыт не адказалі. Калі пастанова аб лакалізацыі набудзе рэальную моц, найбольш пацярпяць айчынныя спажыўцы, для якіх машыны расейскай зборкі могуць падаражэць – дадасца мыта на ўвоз.

Крыніцы выдання «Коммерсантъ» паведамляюць, што развязанне гэтай сітуацыі можа быць абмеркаванае на ўзроўні еўразійскіх органаў пасля заканчэння чэмпіянату свету па футболе, які ідзе цяпер у Расеі. Беларускія дылеры спадзяюцца, што ўлады знойдуць кампраміс, каб не караць айчынных спажыўцоў.

«Шкада, што нашыя беларускія вытворцы і нават урад часам не звяртаюць увагі на тыя захады, якія робяцца расейскім бокам у межах ЕАЭС. Як быццам не чытаюць гэтых стратэгіяў, якія крок за крокам рэалізуюцца. І вядома, да чаго вядуць. Вядуць яны да таго, што, магчыма, беларуская аўтамабільная вытворчасць перастане існаваць або пяройдзе ў рукі нейкіх расейскіх вытворцаў за капейкі», – адзначае Валянцін Лопан.

З вытворцаў самым пацярпелым можа стацца «БелДжы», чые спадзевы на акупляльнасць за кошт экспарту адкладуцца на неакрэсленую будучыню. Для расейцаў жа беларускі рынак складае ўсяго 5 % ад іхнага, і яго страта не вызначальная.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Valery Matytsin/TASS/ Forum

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары