Аб'ектыў 22.03.2018 Менчукі супраць чыноўнікаў: Няхай Дразды ўшчыльняюць!


Новыя аўтамагістралі, шматпавярховікі, забаўляльны цэнтр і паркінг. Някепска. Але не жыхарам прыватных дамоў, якія ў найлепшым выпадку збіраюцца пацясніць, у найгоршым – знесці. У Заводскім раёне сталіцы адбылося чарговае грамадскае абмеркаванне праекту ўшчыльнення. Двойчы жыхары Паўночнага пасёлку адбілі наступ уладаў на іхную маёмасць, ці атрымаецца гэтым разам?

Актавая зала ўстановы, дзе адбылося грамадскае абмеркаванне плану забудовы раёну, ледзь змясціў абураных, але аб’яднаных людзей. Жыхары паўднёва-ўсходняй часткі Менску нязгодныя з ужо трэцяй версіяй праекту ўшчыльнення Паўночнага пасёлку.

«На сёння гэта самая ўшчыльненая сядзібная забудова. І з гэтым згодныя нават забудоўнікі. Таму мы лічым, што наш Паўночны пасёлак будзе стаяць, пакуль Дразды не ўшчыльняць. Таму што там у іх па 10-15 сотак», – кажа Таццяна Пенкрат, старшыня ініцыятыўнай групы Паўночнага пасёлку.

Паводле праекту, на вуліцах Байкальская і Несцерава маюць знесці шэсцьдзесят дзевяць прыватных дамоў. Дамоў, якія без абяцанай дапамогі дзяржавы будавалі бацькі цяперашніх жыхароў.

«Галадалі, але будавалі, набывалі кожную дошчачку. Гэта цэлая гісторыя, гісторыя беларускага народу. А зараз узяць і ўсё пад грэйдар. Гэта жахліва. Паўсюль чалавечыя лёсы, чалавечы боль», – абураецца жыхарка Ангарскага завулку Іна Крук.

На спатканні прысутнічалі прадстаўнікі Менскага гарвыканкаму і адміністрацыі Заводскага раёну. Намеснік старшыні апошняй, Аляксандр Сцяпанаў, не зважаючы на грамадскую важнасць пытання, адмовіўся ад каментара.

Прысутны дэпутат Палаты прадстаўнікоў два гады таму на грамадскіх слуханнях у той жа праблеме падтрымаў жыхароў Паўночнага пасёлку. Сёлета ж звярнуў увагу на патрэбы гораду ва ўшчыльненні і развіцці інфраструктуры.

Выратуюць толькі лятучыя машыны

«Асноўная мэта гэтага праекту – захаваць па максімуму сядзібную забудову. Менск не стаіць на месцы, вы самі бачыце – у гадзіны пік па Партызанскім праспекце не выехаць. Рана ці позна, мы да 30-га году… А можа, і не трэба будзе – можа, ужо будуць лятучыя аўтамабілі, тады і зносу гэтага не будзе», – кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Курсевіч.

Удзельнікі ж спаткання, якія могуць сутыкнуцца не з фантастычнай, але рэальнаю праблемаю высялення, спасылаюцца на Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

«Канвенцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну краіны недатыкальнасць ягонага жытла. І кожны грамадзянін краіны павінен адчуваць сябе абароненым у сваім жытле не толькі ад злачынцаў, але і ад уладаў, высялення, зносу і гэтак далей», – лічыць жыхарка Менску Валянціна Аляксеева.

Паводле прысутных чыноўнікаў, тэрмінаў зносу дамоў пакуль няма, бо праект цяпер на стадыі абмеркавання. Гэта аднак не пераконвае мясцовых, якія гатовыя распачаць збор подпісаў пад адпаведнаю петыцыяй.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары