Менчукі не гатовыя бараніць Курапаты


Нягледзячы на грамадскую інертнасць, арышты і ціск, няспынная варта пад сценамі рэстарану застаецца.

14 ліпеня з ізалятару Менскага раёну пасля 10 содняў арышту выйшаў рэжысёр Аляксей Туровіч.

«Мы – мышкі, яны – кошкі. Яны маюць сілы, а затрымліваюць гэтыя сінія людзі. Хто, што, якія маюць паўнамоцтвы – мы гэтага не ведаем. Але нас усё роўна не запужаць», – кажа рэжысёр у размове з «Белсатам».

Тым часам пад пільным відэанаглядам людзей у цывільным абаронцы Курапатаў, якіх вызвалілі днямі раней, працягваюць сваю варту. Сёння чарговы раз пацярпеў актывіст Леанід Кулакоў, яго збіла аўта. Каля ўстановы прысутнічаў і яе ўласнік Леанід Зайдэс, які, паводле актывістаў, пагражаў ужыць да іх сілу.

«Мы засталіся, будзем паводзіць сябе так, як рабілі мінулыя дні, месяцы, будзем праводзіць інфармаванне», – заявіла абаронца Курапатаў, грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Мікалайчык.

«У нашай краіне дыктатура, якая з’яўляецца духоўным сваяком тым, хто забіваў тут у 37-ым», – заявіў актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

Тым часам да повязяў бізнесоўцаў, уласнікаў рэстарану, вырашыў прыгледзецца журналіст Дзяніс Івашын. Ягонае расследаванне публікуе газета «Новы час». У ім Івашын выбудаваў ланцужок залежнасцяў юрыдычных асобаў і вызначыў, што тут ёсць расейскі след – закрытае акцыянернае таварыства «Рэнесанс».

Расследаванне «Новага часу» можна пачытаць пакуль толькі ў друкаваным выглядзе. Фота – Дзяніс Івашын

«Гэтая расейская кампанія кантралюе праз афіляваныя іншыя структуры «БелРэстІнвест», які здзяйсняў гэтую будоўлю. І практычна праз гэтую кампанію таксама валодае правам арэнды гэтай зямлі, таксама, якая ў ахоўнай зоне, ажно да 2106 года», – кажа Дзяніс Івашын.

Таксама журналіст сцвярджае, што ў справе магло быць лабіяванне ў асяродку кіраўніка Беларусі, якое здзяйснялася праз Вадзіма Бекбулатава – хакеіста, які не раз гуляў у адной камандзе з Лукашэнкам і ягонымі сынамі. Так ці інакш, улады Беларусі прымаюць бок уладальнікаў рэстарану, лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

«Усё больш і больш пытанняў да міліцыі, якая робіць выгляд, што ахоўвае парадак, а насамрэч – крышуе гэты мафіёзны бізнес. Усё больш і больш пытанняў да тых, хто ў Савеце бяспекі аддае загады ў адзін і той жа дзень незаконна затрымліваць людзей», – кажа «Белсату» сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.

Пакуль жа працы рэстарану з часу яго адкрыцця на пачатку чэрвеня замінаюць адныя і тыя ж некалькі дзясяткаў чалавек. Апытаныя намі менчукі збольшага падтрымліваюць абаронцаў Курапатаў, але далучыцца да актыўных дзеянняў – не гатовыя. Адказы жыхароў сталіцы глядзіце ў рэпартажы Вітаўта Сіўчыка.