Менчукі: «Мы працуем на тысячу долараў, але дзе яны?»


У «стабільнай Беларусі» стабільнае толькі адное – мара беларусаў пра $ 500 заробку. З блакітных экранаў нязменны кіраўнік краіны нязменна ўзгадвае запаветную суму:

Лукашэнка параіў урадоўцам, дзе ўзяць грошы на заробкі

«Скрадзіце, адкапайце, знайдзіце – што заўгодна, але 500 долараў павінны быць выкананыя», – казаў ён.

Напярэдадні балючае пытанне пра 500 загучала нават з боку дзяржаўнага тэлеканалу. Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў адказаў, што іх трэба зарабіць. Інакш кажучы, урад плаціў бы, калі б праца беларусаў столькі каштавала.

Беларусы мяркуць па-іншаму

«Мы працуем на тысячу долараў, але дзе яны?».

«Я працую на Мілавіцы. Бялізна, якую мы шыем, каштуе дорага, а нам плоцяць мала. Хацелася б болей удвая».

«Колькі ёсць у краіне грошай, болей іх не з’явіцца, таму маем, што маем».

– зазначылі апытаныя намі жыхары сталіцы.

Статыстыка: сярэдні заробак – Br 819,3

Выцягваюць статыстыку традыцыйна даходы сталічных жыхароў ды заробкі тых, хто працуе ў сферы ІТ і на флагманах беларускай вытворчасці. Заробкі, паводле Белстату, намінальна растуць апошнія паўгода. Але нават калі захаваецца цяперашні тэмп росту, дасягнуць запаветных пяці сотняў долараў да канца года не атрымаецца. Аптымізму не выказвае і прэм’ер краіны.

Ці беларусы вінаватыя ў тым, што айчынная прадукцыя кепска прадаецца?

Эканаміст Яраслаў Раманчук перакананы, што заробак $ 500 з’явіўся б у гаманцах беларусаў, каб не было перашкодаў і загадаў зверху.

«Калі беларуская эканоміка будзе народнай, калі 4 мільёны людзей будуць прасоўваць свае бізнес-прапановы, тады ў нас будзе і 500 і 1000 долараў заробак», – падкрэсліў ён.

А пакуль беларусам даводзіцца чуць толькі апраўданні.

Вольга Старасціна, «Белсат»